Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камандуючы брытанскай арміяй папярэдзіў суайчыньнікаў, што трэба рыхтавацца да маштабнай вайны з Расеяй


Брытанскія салдаты на вучэньнях у Польшчы
Брытанскія салдаты на вучэньнях у Польшчы

Кіраўнік брытанскага войска папярэдзіў падданых Злучанага Каралеўства, каб яны былі гатовыя да вайны, параўнальнай па маштабе зь вялікімі канфліктамі XX стагодзьдзя — і што мабілізавацца, магчыма, давядзецца і ім самім.

Пра гэта паведамляе Euronews.

Выступаючы на Міжнароднай выставе бранятэхнікі ў Лёндане, генэрал сэр Патрык Сандэрс заявіў, што ўварваньне Расеі ва Ўкраіну — прадвесьце маштабных пэртурбацыяў, і папярэдзіў, што неабходна, пакуль ня позна, прыгадаць урокі папярэдніх войнаў.

«Нашы папярэднікі не змаглі ўсьвядоміць наступстваў так званага Ліпеньскага крызісу 1914 году — і аказаліся ўцягнутыя ў жахлівы канфлікт, — сказаў ён. — Мы ня можам дазволіць сабе тую ж памылку сёньня. Падзеі ва Ўкраіне маюць вялікае значэньне».

Генэрал Сандэрс падкрэсьліў, што нельга недаацэньваць патэнцыйны маштаб канфлікту ў найбліжэйшыя гады.

«Гэтая вайна — ня проста барацьба за чарназём Данбасу або аднаўленьне Расейскай імпэрыі: гаворка ідзе аб нападзе на саму нашу сыстэму, наш лад жыцьця — у палітычным, псыхалягічным і сымбалічным пляне. Тое, як мы адрэагуем на гэта (як і ў выпадку з даваенным пакаленьнем), адгукнецца ў гісторыі. Пакуль што нас прыкрывае адвага ўкраінцаў».

Генэрал таксама заклікаў павялічыць колькасьць брытанскага войска амаль у два разы. Задача Узброеных сілаў Вялікай Брытаніі — выйсьці з доўгатэрміновага крызісу з папаўненьнем асабовага складу, які ўжо прывёў да скарачэньня колькасьці (пры тым, што брытанскія войскі ўдзельнічаюць у розных місіях за мяжой).

Па словах генэрала Сандэрса, хоць важная і традыцыйная мабілізацыя, нават і звычайныя брытанцы павінныя быць гатовыя калі не да таго, каб узяць у рукі стрэльбу, то як мінімум да такога ўзроўню грамадзянскай мабілізацыі, якога ў Заходняй Эўропе ня бачылі з часоў Другой сусьветнай вайны.

У адказ на ягоны выступ ва ўрадзе заявілі, што пытаньне аб усеагульнай мабілізацыі не разглядаецца.

Прэсавы сакратар прэм’ер-міністра Рышы Сунака Макс Блэйн заявіў, што ўрад «ня мае намеру» ўводзіць усеагульны вайсковы абавязак.

Разважаньні пра «гіпатэтычныя войны» ён назваў «неканструктыўнымі».

Словы Сандэрса прагучалі пасьля папярэджаньняў прадстаўнікоў іншых дзяржаваў NATO.

Міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс нядаўна выступіў з радыкальнымі заклікамі рыхтавацца да вайны, якая запатрабуе радыкальнай пераарыентацыі нямецкіх Узброеных сіл пасьля амаль васьмі дзесяцігодзьдзяў абарончай дактрыны.

Дакумэнты, якія трапілі нядаўна ў нямецкую газэту Bild, паказалі, што Бэрлін распрацоўвае пляны дзеяньняў на выпадак масаванага нападу Расеі на Заходнюю Эўропу, у прыватнасьці, на краіны Балтыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG