Марыюш Камінскі знаходзіўся пад вартай у Радаме, Вонсік — у Пшытулах Старых.
На волі пасьля абвяшчэньня аб памілаваньні прэзыдэнтам палітыкаў сустракалі іхныя сем’і, прыхільнікі і прадстаўнікі партыі «Права і справядлівасьць». Яны чакалі выхаду Каміньскага і Вонсіка з-за кратаў з другой паловы дня.
Каміньскі пасьля выхаду з-за кратаў паабяцаў працягнуць сваю палітычную дзейнасьць: «Гэтая барацьба працягваецца. Няхай гэта будзе доўгі шлях, цяжкі шлях, але мы абавязкова пераможам».
Былога кіраўніка Антыкарупцыйнага бюро Марыюша Каміньскага і і былога міністра ўнутраных спраў Мацея Вонсіка летась у сьнежні асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі за злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі на сваіх пасадах. Паліцыя затрымала Камінскага і Васіка два тыдні таму — у аўторак, 9 студзеня. Пазьней іх узялі пад варту.
Справа Каміньскага і Вонсіка працягваецца з 2007 года, калі ўзьнік скандал вакол антыкарупцыйнага ведамства. Суд першай інстанцыі вынес абвінаваўчы прысуд, а ў 2015 годзе, адразу пасьля прыходу ПіС да ўлады, прэзыдэнт Анджэй Дуда памілаваў абодвух палітыкаў.
У канцы 2023 году, пасьля таго, як да ўлады ў Польшчы прыйшла апазыцыя, палітыкаў асудзілі паўторна.
9 студзеня паліцыя атрымала ад суда дакумэнты для затрыманьня Каміньскага і Вонсіка ў сувязі з новым прысудам, але па месцы жыхарства іх не знайшлі. Абодва ў той дзень паехалі на сустрэчу з Дудам, іх затрымалі ў прэзыдэнцкім палацы ў Варшаве. Прэзыдэнт Польшчы назваў затрыманьне незаконным.
Увечары 23 студзеня, абвяшчаючы аб іх памілаваньні, Дуда заклікаў міністра юстыцыі і генэральнага пракурора да неадкладнага выкананьня рашэньня прэзыдэнта і, такім чынам, неадкладнага вызваленьня экс-міністра і ягонага былога намесьніка з турмы.