Пра гэта паведамляе DW.
Размова ідзе пра былога міністра ўнутраных справаў Польшчы, экс-кіраўніка Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро Марыюша Каміньскага і ягонага намесьніка Мацэя Вонсіка, арыштаваных у прэзыдэнцкім палацы ў пачатку студзеня.
Справа Каміньскага і Вонсіка працягваецца з 2007 года, калі ўзьнік скандал вакол антыкарупцыйнага ведамства. Суд першай інстанцыі вынес абвінаваўчы прысуд, а ў 2015 годзе, адразу пасьля прыходу ПіС да ўлады, прэзыдэнт Дуда памілаваў абодвух палітыкаў.
У чэрвені 2022-га Вярхоўны суд Польшчы адмяніў памілаваньне і працэс у справе Каміньскага і Вонсіка быў адноўлены. У канцы сьнежня 2023 году акруговы суд у Варшаве прызнаў абодвух вінаватымі ў перавышэньні паўнамоцтваў падчас кіраўніцтва Цэнтральным антыкарупцыйным бюро ў рамках разбору аб хабарах і прыгаварыў кожнага да двух гадоў пазбаўленьня волі.
Палітыкі былі затрыманыя сёлета 9 студзеня ў прэзыдэнцкім палацы ў Варшаве, паколькі ў гэты дзень афіцыйна пачаліся тэрміны іх пакараньня. Прэзыдэнт Дуда пры гэтым заяўляў, што ягонае памілаваньне працягвае дзейнічаць.
Каміньскі ў турме абвясьціў галадоўку на знак пратэсту супраць выраку, які ён лічыць «актам палітычнай помсты». На мінулым тыдні Дуда паведаміў, што былому міністру ўнутраных справаў Польшчы судом было прызначанае прымусовае кармленьне ў турме.
Дуда зазначыў, што лічыць Каміньскага і Вонсіка палітвязьнямі, а іх перасьлед супрацьзаконным, паколькі яны, на думку прэзыдэнта, былі сумленнымі дзяржаўнымі службоўцамі і «бязьлітасна змагаліся з карупцыяй».