Штаб Барыса Надзеждзіна сабраў 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі палітыка ў якасьці кандыдата на выбарах. Пра гэта сьведчаць лічбы, якія прыводзіць сайт Надзеждзіна.
Як сьцьвярджаецца, на гэты момант прыхільнікі палітыка сабралі крыху больш за 101 тысячу подпісаў у 75 рэгіёнах Расеі.
Для рэгістрацыі неабходна 100 тысяч подпісаў. Пры гэтым у адным рэгіёне можна сабраць ня больш за 2500 подпісаў.
Хто такі Барыс Надзеждзін
Барыс Надзеждзін — дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеі ў 2000–2003 гадах ад «Саюзу правых сіл». З 2008 году быў сябрам палітычнай рады партыі «Правая справа», пакуль ня выйшаў з партыі ў 2011-м. У 2015-м няўдала ўдзельнічаў у праймэрыз «Единой России» для выбараў у Дзярждуму ад яе «лібэральнага крыла», у 2021 годзе таксама няўдала балятаваўся ў Думу ад «Справедливой России».
Надзеждзіна рэгулярна запрашаюць у якасьці лібэральнага госьця на расейскія тэлевізійныя ток-шоў. Свой удзел ён тлумачыць неабходнасьцю данесьці да аўдыторыі «разумныя ідэі» «ў атмасфэры ўсеагульнага вар’яцтва». Надзеждзін абяцае, стаўшы прэзыдэнтам, вярнуць Расею ў Эўропу і «спыніць гэтую гісторыю з Украінай».