Сайт «Белорусы и рынок» прадставіў аналіз рынку працы, які зрабілі спэцыялісты сайта для пошуку працы rabota.by.
Колькасьць вакансій у 2023 годзе ў параўнаньні з 2022 годам павялічылася на 30%, паведамляе сайт «Белорусы и рынок». І нават у параўнаньні з 2021 годам, калі бізнэс актыўна наймаў супрацоўнікаў у сувязі з аслабленьнем пандэміі каранавірусу, колькасьць вакансій павялічылася на 12%.
Найбольшым попытам карысталіся спэцыялісты з такіх галін, як «Працоўны пэрсанал», — рост на 68%, «Транспарт і лягістыка» — плюс 50%, «Пачатак кар’еры, студэнты» — плюс 50%, «Вытворчасьць», — рост на 42%.
Толькі ў сфэры інфармацыйных тэхналёгій попыт панізіўся на 13%.
Колькасьць актыўных рэзюмэ зьніжалася ўвесь год, за выключэньнем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій і студэнтаў. У 2023 годзе сярэдняя колькасьць рэзюмэ на адну вакансію склала 6,6, а ў 2022 — 8,9 рэзюмэ на вакансію.
Каля трэці наймальнікаў гатовы разглядаць на вакансіі людзей бяз досьведу і студэнтаў.
«Такім чынам, у 2023 годзе адбыўся значны ўсплёск попыту на работнікаў за апошнія тры гады і павялічылася разыхожаньне паміж колькасьцю вакансій і рэзюмэ», — робіць выснову сайт «Белорусы и рынок».