Справа зьвязаная з парушэньнямі пры падачы заяваў на атрыманьне польскіх візаў грамадзянамі шэрагу краін, найперш азіяцкіх. Былога чыноўніка падазраюць у тым, што ён атрымліваў грошы, каб паскараць працэдуру выдачы візаў польскімі дыпляматычнымі прадстаўніцтвамі.
Ваўжык, прадстаўнік ранейшай кіроўнай партыі «Права і справядлівасьць», з 2019 году адказваў у МЗС Польшчы за консульскія пытаньні. У жніўні 2023 году яго раптоўна зьнялі з пасады. 17 студзеня ён быў затрыманы ў Любліне супрацоўнікамі Цэнтральнага антыкарупцыйнага бюро. Пасьля прад’яўленьня абвінавачаньняў яго вызвалілі пад заклад.
Абвінавачаньні тычацца соцень выпадкаў выдачы польскіх візаў на працягу 18 месяцаў. Справа тычыцца дзейнасьці польскіх дыпляматычных прадстаўніцтваў у Ганконгу, Тайвані, Абʼяднаных Арабскіх Эміратах, Індыі, Саудаўскай Арабіі, Сынгапуры, Філіпінах і Катары, паведамляе Польскае радыё.
Сьцьвярджаецца, што за атрыманьне візаў грамадзянамі такіх краін, як Пакістан і Банглядэш, трэба было заплаціць каля 5 тысяч даляраў. Пра візавы скандал стала вядома ў верасьні мінулага году, калі партыя «Права і справядлівасьць» яшчэ была ва ўладзе.
Скандал прыцягнуў асаблівую ўвагу грамадзтва, бо спрошчаная выдача візаў групам грамадзянаў замежных краінаў за грошы ішла насуперак афіцыйнай рыторыцы кіроўнай партыі аб узмацненьні жорсткасьці міграцыйнай палітыкі.