Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады: Валавы ўнутраны прадукт за 2023 год вырас больш, чым плянавалі


Аб’ём валавога ўнутранага прадукту ў 2023 годзе ў бягучых цэнах склаў 216,1 млрд рублёў. У супастаўных цэнах у параўнаньні з 2022 годам ён павялічыўся на 3,9%, паведамляе «Позірк» са спасылкай на Нацыянальны статыстычны камітэт.

Міністар эканомікі Беларусі Аляксандар Чарвякоў яшчэ 14 лістапада мінулага году заявіў, што, паводле папярэдніх дадзеных, Беларусь датэрмінова дасягнула мэтавага паказчыку па росьце ВУП на 2023 год.

«Вядомыя папярэднія дадзеныя працы эканомікі за 10 месяцаў, — цытавала Чарвякова прэсавая служба ўраду. — Мы выйшлі на плянавую задачу па годзе на 3,8%, то бок мы з апярэджаньнем дасягнулі ўзроўню ВУП, які перад намі ставіўся».

Паводле міністра, гэта было зроблена за кошт «мабілізацыі рэзэрваў, якія былі ў сэктарах эканомікі». Таксама Чарвякоў казаў, што Беларусь «цалкам кампэнсавала страты на зьнешніх рынках» і што «ў цэлым эканоміка разьвіваецца стабільна і ўстойліва».

Раней у інтэрвію Свабодзе старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc эканамістка Анастасія Лузгіна тлумачыла, што хоць за 2023 год улады, магчыма, і дасягнуць прагнозных паказьнікаў па росьце ВУП, «трэба разумець, што гэта проста аднаўленчы рост, бо ў 2022-м эканоміка ўпала на 4,7%, так што нават гэты цяперашні рост ня верне Беларусь на ўзровень канца 2021 году; і паколькі ў нас праводзіцца эканамічная палітыка стымуляваньня росту, то гэта ў выніку пры пэўных абставінах можа прывесьці да росту інфляцыі».

  • 28 лістапада 2022 году Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў найважнейшыя парамэтры прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2023 год, згодна зь якімі рост ВУП быў заплянаваны на ўзроўні 3,8%.
  • Спэцыялісты Міжнароднага валютнага фонду ў кастрычніцкім аглядзе 2023 году прагназавалі рост ВУП Беларусі на ўзроўні 1,6% па выніках 2023 году (красавіцкі прагноз быў больш пэсымістычны — 0,7% па выніках году).
  • Сусьветны банк у кастрычніцкім аглядзе 2023 году павысіў прагноз росту беларускай эканомікі ў 2023 годзе ў пяць разоў: экспэрты банку ацанілі рост беларускага ВУП у 3% па выніках 2023 году. Увесну яны прагназавалі прырост толькі ў 0,6%.
  • Экспэрты Эўразійскага банку разьвіцьця ў чэрвені 2023 году прагназавалі рост беларускага ВУП на 2,2% па выніках году (прагноз, апублікаваны ў канцы лістапада 2022 году, быў значна больш пэсымістычны — 0,3% па выніках 2023 году).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG