За два гады судовыя выканаўцы так і ня здолелі знайсьці транспарт кампаніі, што належала Мікалаю Вараб’ю, якога называюць «кашальком Лукашэнкі».
Віцебскі ФСАН падаў даўжніка на банкруцтва, піша газэта «Белорусы и рынок».
Як гаворыцца ў матэрыялах распачатай у самым канцы 2023 года справы, «Вушача» за 2020-2022 гады назапасіла амаль 11,5 тыс. рублёў па плацяжах на льготныя пэнсіі сваім былым і дзейным супрацоўнікам. З пеняй сума доўгу перад віцебскім абласным ФСАН атрымліваецца яшчэ большай — каля 12,8 тыс. рублёў.
Каб атрымаць даўгі ўжо ў прымусовым парадку яшчэ ў канцы 2021 году Міністэрства працы і сацыяльнай абароны атрымала выканаўчыя лісты на «затрыманьне і прымусовую адбуксіроўку» транспартных сродкаў, якія былі на балянсе прадпрыемства. Аднак нават пасьля прыцягненьня да вышуку УДАІ УУС Віцебскага аблвыканкаму транспартныя сродкі ня знойдзены. Гэта стала падставай для таго, каб у сьнежні 2023-га віцебскі ФСАН зьвярнуўся ў абласны эканамічны суд, спрабуючы ўзяць грошы з даўжніка ў межах працэдуры ягонага банкруцтва.
Да 2020-х гадоў прадпрыемства ўваходзіла ў імпэрыю бізнэсоўца Мікалая Вараб’я. Нафтатрэйдэра, лягіста, паляўнічага, аднаго зь дзясятка беларускіх эксплюатантаў асабістых самалётаў (Gulfstream G550), які заняў па выніках мінулага году 3-е месца ў Топ-100 пасьпяховых прадпрымальнікаў Беларусі.
Ён набыў гэтае прадпрыемства праз сваю кампанію «Інтэрсэрвіс» на адным з адкрытых конкурсаў па продажы дзяржаўных акцый, якія адбыліся ў 2003 годзе. «Інтэрсэрвіс» уклаўся ў яго мадэрнізацыю і арганізаваў дадаткова выраб зрубаў з ацыліндраванага брусу. Зрубы, вагонка, дошка падлогі ішлі як беларускім заказчыкам (сярод іх вылучалася паляўнічая гаспадарка «Чырвоны Бор», якая належыць Мікалаю Вараб’ю), так і на экспарт.
Былы дрэваапрацоўчы цэх расфармаванага да таго часу Вушацкага лясгасу стаў адным з найбуйных працадаўцаў невялікага раённага цэнтру. Яшчэ пяць гадоў таму на ім працавала каля 70 чалавек.
«Усе крызісы мы перажылі, — расказваў у 2017-м яго тагачасны дырэктар Васіль Бяльковіч. — І захавалі калектыў. Кожны своечасова атрымлівае заробак, цякучкі кадраў няма».
У 2020-я, як вядома, Мікалай Варабей стаў адным зь першых беларускіх прадпрымальнікаў, якія трапілі ў заходнія санкцыйныя спісы. Гэта нанесла ўдар па ягоных фірмах, з большасьці якіх, перадаўшы свае дзелі і кіраваньне топ-мэнэджарам, прадпрымальнік афіцыйна выйшаў.