Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец танным крэдытам? Летась беларусы пазычылі 12 млрд рублёў, экспэрт патлумачыў, да чаго гэта можа прывесьці


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Толькі на спажывецкія патрэбы беларусы летась за 11 месяцаў узялі 9,5 мільярда рублёў. Рост у параўнаньні з такім жа пэрыядам у 2022 годзе — 47,1%.

Агулам за 11 месяцаў мінулага году беларусы ўзялі ў банкаў у доўг амаль 12 мільярдаў рублёў (11,9 мільярда). У параўнаньні з 2022 годам рост склаў 50,2%.

Попыт на крэдыты шмат у чым быў абумоўлены досыць нізкай працэнтнай стаўкай. Калі ў лістападзе 2022 году ў сярэднім яна складала 11,7% гадавых, то летась у лістападзе яна была ўжо 9,7%.

На што бралі крэдыты

Летась, як і ў мінулыя гады, было два асноўныя віды крэдытаў: крэдыт на спажывецкія патрэбы і пазыкі на нерухомасьць.

На спажывецкія патрэбы беларусы летась за 11 месяцаў пазычылі 9,5 мільярда рублёў. Рост у параўнаньні з такім жа пэрыядам у 2022 годзе — 47,1%. На нерухомасьць беларусы пазычылі ў банкаў 2,3 мільярда рублёў (рост +63,5%).

Чаго чакаць сёлета

Як прагназуе Нацбанк, сёлета беларусы возьмуць у крэдыт у банкаў яшчэ 10,5-11 мільярдаў рублёў.

З 15 студзеня Нацбанк уводзіць некаторыя зьмены па крэдытах, яны скіраваныя на паляпшэньне ўмоваў для крэдытаатрымальнікаў. А менавіта, павялічваецца максымальны памер запазычанасьці па мікракрэдытах — да 25 тысяч рублёў. Раней максымум быў 15 тысяч рублёў. Гэта значыць, калі запазычанасьць ІП, юрыдычнай ці фізычнай асобы меншая за 25 тысяч, то можна разьлічваць на яшчэ адзін крэдыт. Калі больш, то крэдыту не дадуць.

Яшчэ адна зьмена тычыцца крэдытнай дамовы. Цяпер, каб пагоршыць умовы крэдыту (павысіць плату за абслугоўваньне, падняць працэнтную стаўку), банк мусіць падпісаць з кліентам дадатковую дамову ці выказаць сваю згоду іншым чынам.

Сёлета некаторыя крэдыты ўжо падаражэлі. 3 студзеня Нацбанк павялічыў значэньні разьліковых велічыняў стандартнай рызыкі. Прасьцей кажучы, павысіў магчымую мяжу працэнтных ставак па некаторых крэдытах, найперш на нерухомасьць.

Ад гэтага многія банкі павялічылі працэнтныя стаўкі на 0,5–1,5%. Гэта датычыць як крэдытаў на нерухомасьць, так і крэдытаў на аўтамабілі і спажывецкія патрэбы.

«Стаўкі па крэдытах будуць расьці»

Выдача крэдытаў у мінулым годзе спрыяла эканамічнай актыўнасьці людзей, але ў гэтага могуць быць наступствы ў выглядзе інфляцыі, мяркуе экспэрт дасьледчага цэнтру Beroc Анатоль Харытончык.

«Выдача крэдытаў дазволіла зьнізіць нэгатыўны эфэкт ад санкцый, асабліва для прадпрыемстваў. Аднак такія тэмпы росту крэдытаваньня вядуць да залішняга попыту і перагрэву эканомікі. Дзьве асноўныя пагрозы: першая — інфляцыйныя рызыкі, то бок паскарэньне росту цэнаў, а другая — пагаршэньне стану замежнага гандлю. А як вынік — аслабленьне нацыянальнай валюты. Пакуль стан не крытычны, рэзкіх зьменаў курсаў не чакаецца. Хутчэй, плаўнае аслабленьне. Аднак, калі пераграваць эканоміку крэдытамі далей, то рызыкі будуць расьці», — мяркуе экспэрт.

Анатоль Харытончык прагназуе, што стаўкі па крэдытах будуць расьці далей, а іх абслугоўваньне даражэць.

«Мінімуму працэнтныя стаўкі ўжо дасягнулі — і потым пачалі расьці. Нацбанк ужо прыняў шэраг мераў для гэтага», — дадае экспэрт.

Тэмпы крэдытаваньня будуць затухаць яшчэ і таму, што ўлады прынялі рашэньне стрымліваць інфляцыю, мяркуе Анатоль Харытончык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG