Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Больш за 500 тысяч мінаў». Вальфовіч паскардзіўся на сытуацыю на беларуска-ўкраінскай мяжы


Аляксандар Вальфовіч, архіўнае фота
Аляксандар Вальфовіч, архіўнае фота

Дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч 10 студзеня наведаў Мазырскі памежны атрад, дзе завяршылі фармаваньне манэўранай групы, паведамляе «СБ. Беларусь сегодня».

Як вынікае з паведамленьня, манэўраная група мае на ўзбраеньні сучасныя браняваныя аўтамабілі «Волат» вытворчасьці МЗКЦ і здольная «апэратыўна прыкрыць патрэбны ўчастак мяжы пры абвастрэньні абстаноўкі». Мазырскі памежны атрад адказвае за 370-кілямэтровы ўчастак мяжы з Украінай.

Вальфовіч чарговым разам падкрэсьліў, што сытуацыя на беларуска-ўкраінскай мяжы «выклікае трывогу».

«На сёньня мы налічваем звыш 500 000 супрацьпяхотных і супрацьтанкавых мінаў, якія ўстаноўленыя на ўкраінска-беларускай мяжы, разбураныя практычна ўсе масты, закрытыя пункты пропуску. Самі ўкраінскія памежнікі... дапускаюць заходы на нашу прымежную тэрыторыю і парушэньне паветранай прасторы квадракоптарамі», — заявіў ён.

Паводле Вальфовіча, «неспакойна» цяпер і на межах Беларусі з краінамі Эўразьвязу.

  • У лютым 2022 году кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
  • Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.
  • 10 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра дамоўленасьць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў на тэрыторыі Беларусі. З 15 кастрычніка Расея пачала перакідаць войскі ў Беларусь. У студзені прайшла тыднёвая трэніроўка аб’яднанага камандаваньня «рэгіянальнай групоўкі войскаў».
  • З пачатку 2023 году ў Беларусі пэрыядычна праводзяць вучэньні тэрытарыяльных войскаў.
  • Украіна ўвесь час актыўна ўмацоўвае паўночныя тэрыторыі, каб не дапусьціць паўторнага ўварваньня праціўніка зь Беларусі.
  • Беларускія ўлады пэрыядычна скардзяцца на ўкраінскіх памежнікаў, якія жартуюць зь беларускіх калегаў, называючы іх дзеяньні правакацыямі «з мэтай нейкага запалохваньня і псыхалягічнага ціску на вайскоўцаў, якія ахоўваюць дзяржаўную мяжу Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG