10 студзеня расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага падключылі па відэасувязі да паседжаньня ў Каўроўскім гарадзкім судзе Ўладзімірскай вобласьці. Гэта адбылося ўпершыню з пачатку сьнежня, калі Навальнага этапавалі ў калёнію «Палярны воўк», паведамляе «Медиазона».
Размаўляючы з журналістамі, Навальны паведаміў, што да яго пакуль не дайшло ніякіх лістоў, і дадаў, што ўмовы ўтрыманьня ў калёніі «Палярны воўк» лепшыя, чым у ПК-6 ва Ўладзіміры.
Суд разглядае пазоў апазыцыянэра да адміністрацыі ўладзімірскай калёніі, дзе ён знаходзіўся да пачатку сьнежня.
Навальны адразу паведаміў суду, што яму не перадалі ніякіх матэрыялаў, і просіць разгледзець сёньня толькі адзін пазоў, у якім ён аспрэчвае ягонае зьмяшчэньне ў ШЫЗА на 12 дзён за тое, што ён «назваў непрыстойнымі словамі» інспэктара. Судзьдзя падтрымаў просьбу Навальнага, перадае «Медиазона».
Напярэдадні Навальнага адправілі ў штрафны ізалятар адразу па выхадзе з абавязковага карантыну, які ён адбываў пасьля этапу ў калёнію ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе.
На гэты раз падставай стала адмова Навальнага прадставіцца па правілах супрацоўніку калёніі, гаворыцца ў паведамленьні палітыка. Апазыцыянэр трапіў ў ШЫЗА 24-ы раз. Ён правядзе там 7 дзён. Па выхадзе палітык агулам правядзе ў ШЫЗА 273 дні, што крыху менш за два гады. Умовы ўтрыманьня ў штрафным ізалятары вызначаюцца асаблівай строгасьцю. Зьняволеным нельга атрымліваць пасылкі з волі, гуляць, яны не атрымліваюць пасьцельнай бялізны.
- Аляксея Навальага ў жніўні пакаралі 19 гадамі калёніі асаблівага рэжыму па абвінавачаньні ў экстрэмісцкай дзейнасьці. Навальны лічыць сябе невінаватым, а прысуд — палітычна матываваным. Праваабарончыя арганізацыі прызналі апазыцыянэра палітвязьнем.