Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нэкралёгу расейскага прапаршчыка знайшлі падрабязнасьці працы ў Гомлі вайсковых мэдыкаў Расеі на пачатку вайны


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Нэкралёг апублікавала адміністрацыя Шчарбінаўскага раёну Краснадарскага краю Расеі.

Выданьне «Флагшток» выявіла інфармацыю пра расейскую мэдычную ўстанову, якая працавала ў Гомлі на пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны.

У нэкралёгу ў памяць аб прапаршчыку Дзянісу Бурбоўскім, які праходзіў службу ў дэсантна-штурмавой роце на пасадзе фэльчара, упершыню зафіксаваныя назвы расейскіх мэдычных установаў і пэрыяд іх працы.

«19 лютага 2022 году быў прыкамандзіраваны да 442-га вайскова-клінічнага шпіталя гораду Санкт-Пецярбург, адкуль быў накіраваны ў камандзіроўку ў складзе вайскова-санітарнага цягніка № 1 для мэдычнага забесьпячэньня спэцыяльнай ваеннай апэрацыі (так у Расеі афіцыйна называюць вайну супраць Украіны. — РС), выконваў абавязкі апэрацыйнага мэдбрата ў горадзе Гомель Рэспублікі Беларусь, дзе двойчы ўдзельнічаў у дзьвюх санітарных эвакуацыях параненых з дастаўкай іх на базу вайскова-мэдычнай акадэміі Санкт-Пецярбургу. Пасьля другога транспартаваньня параненых быў вернуты ў Рэспубліку Беларусь і працягнуў працу ў складзе мэдычнага атраду спэцыяльнага прызначэньня ім. Бурдэнкі, дзе прабыў да 14 траўня 2022 году».

Такім чынам, у Гомлі працавалі спэцыялісты як мінімум дзьвюх вайскова-мэдычных устаноў: 442-га вайскова-клінічнага шпіталя гораду Санкт-Пецярбург і мэдычнага атраду спэцыяльнага прызначэньня, створанага на базе Галоўнага вайсковага клінічнага шпіталя ім. Бурдэнкі ў Маскве. Дастаўлялі вайсковых мэдыкаў зь пецярбурскай установы чыгуначным транспартам — вайскова-санітарным цягніком № 1.

Падрыхтоўка да мэдычнага суправаджэньня вялася да пачатку маштабнага ўварваньня і працягвалася пасьля вывядзеньня групоўкі з поўначы Ўкраіны да 14 траўня 2022 году.

Пасьля прапаршчыка накіравалі ў зону ваенных дзеяньняў на ўсход Украіны, дзе ён загінуў на пачатку 2023 году.

У першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну многія мэдычныя ўстановы Гомельшчыны былі аддадзены пад лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў. Ва ўсіх асноўных мэдычных установах тады аддалі цэлыя паверхі аддзяленьняў для тэрміновых апэрацый. Расейскіх вайскоўцаў лячылі не беларускія мэдыкі, але шмат якія паслугі для беларусаў былі прыпыненыя, бо не было месцаў у шпіталях.

У Гомлі санітарны транспарт бачылі каля Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны, там жа ў ангары быў арганізаваны часовы морг. Тады ж паступала інфармацыя аб выкарыстаньні шпіталя інвалідаў ІІ усясьветнай вайны і Гомельскай абласной клінічнай лякарні для патрэбаў арміі РФ.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG