Іх падтрымалі ўладальнікі прыватных транспартных прадпрыемстваў. У шматлікіх гарадах гэта прывяло да вялікіх перашкод у руху, аж да яго поўнага спыненьня. У Бэрліне фэрмэры выехалі на трактарах да Брандэнбурскае брамы, што непадалёк ад адміністрацыі канцлера і Бундэстагу.
Прычынай пратэстаў, якія доўжацца ад сярэдзіны сьнежня, сталі новаўвядзеньні ўраду ФРГ, выкліканыя неабходнасьцю бюджэтнай эканоміі. Кабінэт міністраў адмяніў субсыдыі на дызэльнае паліва для фэрмэраў і адмовіўся паніжаць унёскі на праезд па аўтабанах для грузавых аўтамабіляў.
Сёньняшняя акцыя — самая буйная ад пачатку хвалі пратэстаў фэрмэраў. Нягледзячы на некаторыя саступкі ўраду, яны патрабуюць вярнуць ранейшыя ўмовы куплі аграрнага дызэльнага паліва.
Цягам дня па ўсёй краіне былі сур'ёзныя абмежаваньні ў аўтамабільным руху. У некаторых раёнах з прычыны пратэстаў адмянілі заняткі ў навучальных установах, паколькі школьны транспарт ня мог праехаць па заблякаваных трасах. У Эмдэне на паўночным захадзе ФРГ у выніку пратэстаў прыпынілі вытворчасьць на заводзе Volkswagen.
Прэзыдэнт Нямецкага саюзу сельскагаспадарчых работнікаў Ёахім Руквід заклікаў жыхароў ФРГ да разуменьня і салідарнасьці. Раней менавіта гэты фэрмэрскі саюз ініцыяваў тыдзень пратэстаў супраць адмены субсыдый на аграрнае дызэльнае паліва. Частковую зьмену плянаў ураду, які зрабіў пераход да адмены субсыдый пакрокавым, падоўжыўшы яго да 2026 году, фэрмэры лічаць недастатковай. Прэмʼер-міністар зямлі Ніжняя Саксонія Штэфан Вайл заклікаў урад ФРГ цалкам адмяніць усе новаўвядзеньні.