Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя пагрозы, нястача зброі і выбары. Чаму ў Эўразьвязе з асьцярогай чакалі 2024 году


Саміт Эўразьвязу ў 2023 годзе
Саміт Эўразьвязу ў 2023 годзе

Зімовыя сьвяты — традыцыйны пэрыяд палітычнага зацішша ў Эўропе. Пачатак 2024 году не выключэньне. Але калі істэблішмэнт вернецца з адпачынку, надыдзе час рашэньняў, якія могуць радыкальна паўплываць на сытуацыю ва Ўкраіне і ў Эўропе.

Расею аслабіла вайна ва Ўкраіне, але ў Эўразьвязе лічаць, што краіна-агрэсар здольная хутка аднаўляцца. Расея рыхтуецца да зацяжной вайны, магчыма нават за межамі Ўкраіны, а расейская эканоміка становіцца на ваенныя рэйкі, пра што ўстрывожаныя топ-чыноўнікі ЭЗ, палітыкі, экспэрты ўсё часьцей гавораць уголас. Калі пасьля няўдач ва Ўкраіне расейская ваенная машына акрыяе настолькі, каб пашырыць геаграфію вайны?

Тэрміны ў Эўразьвязе называюць розныя, паведамляе тэлеканал «Настоящее время».

Сіл, неабходных для нападу на краіны NATO, паводле зьвестак эстонскай выведкі, Расеі ня будзе хапаць яшчэ на працягу двух гадоў. Нямецкі міністар абароны Барыс Пісторыюс гаворыць, што ў ЭЗ ёсьць ад 5 да 8 гадоў, каб прывесьці свой ваенны патэнцыял у адпаведнасьць узроўню пагрозы. А пагроза гэтая, лічыць Пісторыус, вельмі сур’ёзная, у прыватнасьці для краін Балтыі, Грузіі і Малдовы.

Камандуючы бэльгійскім войскам Мішэль Хофман не выключае, што менавіта ў гэтых краінах Расея можа адкрыць другі фронт. Яго нідэрляндзкі калега Марцін Вэйнэн у свае апошнія дні на пасадзе (з новага году ён у адстаўцы) заклікаў рыхтавацца да вайны з Расеяй, а галяндцаў — запасацца ежай і вадой.

Распаўсюджваньне расейскай агрэсіі стрымлівае Ўкраіна, а ў Эўропе, як і ў пачатку ўварваньня, зацікаўлены дапамагаць ёй і тым самым трымаць Расею далей ад сваіх межаў. Аднак запасы зброі ў краінах блёку, які дзесяцігодзьдзямі займаўся пытаньнямі эканомікі, а не абароны, вычэрпваюцца. ЭЗ павялічвае магутнасьці сваёй абароннай прамысловасьці. Па словах профільнага эўракамісара, задача вырабляць мільён дэфіцытных на фронце ва Ўкраіне снарадаў за год стане дасягальнай вясной 2024 году. Расея, паводле зьвестак заходніх спэцслужбаў, ужо цяпер вырабляе паўтара мільёна за год.

Разам з тым дапамогу Ўкраіне ў межах магчымага — як у вайсковым, так і палітычным сэнсе — краіны Эўразьвязу аказваюць (хоць менавіта з палітычных меркаваньняў Украіна, напрыклад, не атрымала нямецкія далёкабойныя «Таўрусы»). У 2024 годзе, у прыватнасьці, паляцяць F-16: аддаць Украіне амаль два дзясяткі зьнішчальнікаў рыхтуюцца Нідэрлянды, якія ўзначальваюць авіякааліцыю. Між іншым, яна пашыраецца: да трэніровак украінскіх пілётаў вось-вось павінна далучыцца і Францыя. У сваіх бюджэтах на новы год шмат якія эўрапейскія дзяржавы заплянавалі мільярды на зброю для Ўкраіны. У адрозьненьне ад Злучаных Штатаў.

На працэсы ў ЗША, якія затрымліваюць амэрыканскую вайсковую дапамогу Ўкраіне на 2024 год, у Эўразьвязе азіраюцца зь відавочнай прычыны: не хапае ўласных вайсковых рэсурсаў. Краіны ЭЗ занепакоеныя, што калі прэзыдэнтам зноў стане Дональд Трамп, Амэрыка рэзка скароціць дапамогу Ўкраіне.

Палітык-рэспубліканец, якога зараз называюць лідэрам сымпатый амэрыканскіх выбарнікаў, настойвае, што Эўропе трэба дагнаць Штаты ў абʼёмах дапамогі Ўкраіне. У выпадку перамогі на выбарах Трамп абяцае ўрэгуляваць вайну за суткі, але не ўдакладняе, як менавіта. Многім у Эўропе і ня толькі мінулая кадэнцыя Трампа запомнілася, у прыватнасьці, тым, што ён, раздражняючыся нізкімі расходамі эўрапейскіх краін на ўласную абарону ў параўнаньні з ЗША, пагражаў пакінуць кантынэнт сам-насам з магчымай агрэсіяй Расеі. Хоць некаторыя ў ягоным атачэньні, як пісалі амэрыканскія СМІ, лічаць, што Трамп ніколі не плянаваў нічога падобнага сурʼёзна.

Выпрабаваньне выбарамі чакаецца і ў Эўразьвязе. Апытаньні прагназуюць узьлёт папулярнасьці правых папулістаў. Цэны на прадукты і кошт ацяпленьня ў дамах выбарнікаў ім важнейшыя, чым крызіс бясьпекі, які рызыкуе стаць яшчэ больш глябальным. Зрэшты, такія партыі, як паказваюць прагнозы, прынамсі цяпер, усё ж застануцца ў меншасьці, хоць і загучаць на палітычнай арэне ЭЗ гучней.

Важнасьць таго, хто з палітыкаў і зь якімі перакананьнямі апынецца на ключавых пасадах у Бруселі, пераацаніць цяжка. Эўразьвяз не адыгрывае вядучай ролі ў вайсковым забесьпячэньні Ўкраіны, але стаў домам для мільёнаў украінцаў, а таксама ключавым фінансавым донарам краіны. У 2024 годзе шматмільярдны макрафін, жыцьцёва неабходны Кіеву, як абяцаюць, будзе — з Вэнгрыяй або без. А плян «Б» — гэта і ёсьць праца Эўракамісіі. Не без дапамогі палітычнай волі краін-удзельніц, вядома.

Эўракамісія ў новым годзе будзе рыхтаваць і перамовы аб уступленьні Ўкраіны ў ЭЗ. Тут не дасягнуць прагрэсу бязь Віктара Орбана, уладзе якога выбары ў найбліжэйшыя гады не пагражаюць. І ў Кіеве, і ў Брусэлі настроены шукаць паразуменьне з Будапэштам. Бо сяброўства ў ЭЗ многія лічаць гарантыяй ня толькі эканамічнага росквіту, але і бясьпекі і стабільнасьці Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG