Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніякага выцеку дадзеных ня будзе». Зачыняюцца адны з найбуйнейшых курсаў польскай мовы ў Менску


Вучаніца ў польскай школе ў Ваўкавыску
Вучаніца ў польскай школе ў Ваўкавыску

У акаўнце школы PanProfesor на Фэйсбуку апісваюцца дэталі і этапы перасьледу школы.

Паведамляецца, што «два тыдні таму прадстаўнікі нейкіх спэцыяльных службаў „прыйшлі ў госьці“ да аднаго з нашых супрацоўнікаў у Менску, пасьля зрабілі ператрус у офісе. Як пазьней аказалася, у тую раніцу 21 сьнежня 2023 году PanProfesor былі не адзінымі, каму давялося перажыць падобнае: у некалькіх іншых курсах польскай мовы былі затрыманыя дырэктары, супрацоўнікі і выкладчыкі, некаторых зь іх прымусілі запісаць „пакаяныя відэа“. Да вядомых ужо абвінавачаньняў дадаліся „навучаў польскай мове“ і да таго падобнае».

Як паведамілі прадстаўнікі моўных курсаў у сацыяльнай сетцы, «гэтыя „таварышы“ практычна з парога сталі заяўляць, што ў нашай кампаніі мноства парушэньняў, нібыта мы вінныя ўсім грошы (што зьяўляецца абсалютнай няпраўдай), а таксама, што паступіла нейкая ананімная заява (са зьместам якой, натуральна, ніхто нікому не даў азнаёміцца). Квінтэсэнцыяй усяго таго, што адбываецца, стала заява аднаго зь іх пасьля таго, як убачыў Статут і іншыя асноўныя дакумэнты прадпрыемства: „Ды вас толькі за гэта ўсіх можна пасадзіць надоўга“».

Паводле прадстаўнікоў моўных курсаў, ім было «настойліва прапанавана»:

  • спыніць рэкляму;
  • зачыніць офіс і спыніць заняткі (ужо падчас візыту «гасьцей» былі сарваныя шыльдачкі з надпісам PanProfesor зь дзьвярэй);
  • самастойна ліквідаваць кампанію.

У выніку PanProfesor прынялі рашэньне закрыць беларускую кампанію. Такім чынам завяршаецца амаль 9-гадовая праца ў Беларусі пад брэндам PanProfesor. Многія з выкладчыкаў маюць 10-, 15- і нават 20-гадовы стаж выкладаньня польскай мовы.

У допісе пералічваюцца вынікі працы каманды PanProfesor і яе вучняў:

  • мноства канцэртаў
  • дні польскай культуры ў Менску, дзе выстаўлялі свой стэнд з матэрыяламі
  • двойчы ў 2017 і 2018 гадах разам арганізавалі велікодныя сьвяты сумесна з польскім пасольствам у Рэспубліцы Беларусі і Саюзам палякаў у Беларусі. Сотні, калі ня тысячы людзей змаглі далучыцца да польскіх велікодных традыцый;
  • на працягу некалькіх гадоў школа брала ўдзел у суправаджэньні працы міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад», перакладаючы польскіх актораў і рэжысэраў падчас майстар-клясаў;
  • сотням маладых (і ня вельмі) людзей дапамаглі паступіць у польскія ВНУ.

Як адзначаецца ў допісе, «мы яшчэ не памерлі, але нашае дзіця ў Беларусі робіць апошнія ўздыхі. Спрабуючы заставацца вернымі перш за ўсё самім сабе, мы прынялі рашэньне як мінімум завяршыць групы, якія не давучыліся, онлайн. Дзякуй нашым вучням, большасьць падтрымала нашу прапанову. За завяршэньне навучаньня адказвае наша партнэрская кампанія PANPROFESOR (Польшча), таму сьпяшаемся супакоіць зацікаўленых — ніякага выцеку дадзеных у сувязі з гэтым ня будзе, а абавязаньні па навучаньні будуць выкананыя ў адпаведнасьці з дамовай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG