Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь працягвае страчваць пазыцыі ў міжнародным рэйтынгу міралюбнасьці. Што азначае гэты індэкс


Вайсковы парад у Менску ў траўні 2020 году. Ілюстрацыйнае фота
Вайсковы парад у Менску ў траўні 2020 году. Ілюстрацыйнае фота

У 2018 годзе Беларусь займала 101-е месца, а ў 2023-м перамясьцілася на 116-ю пазыцыю.

Беларусь цягам пяці гадоў страціла 15 пунктаў у міжнародным рэйтынгу міралюбнасьці, які стварае Інстытут эканомікі і міру на падставе вывучэньня 23 індыкатараў у сфэры ўцягнутасьці краіны ва ўнутраныя і міжнародныя канфлікты, а таксама ўзроўню гармоніі або разладу ўнутры нацыі.

«Глябальны індэкс міралюбнасьці» ўсё часьцей называюць індэксам бясьпекі, бо ён улічвае таксама ўзровень злачыннасьці ў краіне, выдаткаў на вайсковыя патрэбы, колькасьць тэрарыстычных актаў і гвалтоўных дэманстрацый, гарманічнасьць дачыненьняў з суседнімі краінамі, стабільнасьць палітычнай сытуацыі, а таксама колькасьць унутраных перасяленцаў і ўцекачоў.

У 2018 годзе Беларусь у гэтых індыкатарах займала 101-е месца, а ў 2023-ім перамясьцілася на 116-ю пазыцыю. З суседніх дзяржаў Латвія заняла 27-е месца, Польшча — 29-е, Літва — 36-е, Украіна — 154-е і Расея — 158-е месца.

Дасьледчыкі адзначаюць, што індэкс міралюбнасьці ў Эўропе за апошні год пагоршыўся. Вайна Расеі і Ўкраіны выклікала сур’ёзныя наступствы ва ўсім сьвеце, асабліва ў Эўропе.

«Зь пяці краін Эўропы з найбольшым пагаршэньнем міралюбнасьці ў 2023 годзе тры мяжуюць з Украінай. У гэтых краінах у значнай ступені назіраліся пагаршэньні ў паказчыках палітычнай нестабільнасьці і адносін з суседнімі краінамі», — адзначаецца ў дасьледаваньні.

На першым месцы ад пачатку вымярэньняў застаецца Ісьляндыя як найбольш бясьпечная і міралюбная краіна ў рэгіёне і сьвеце.

Найбольш індэкс зьнізіўся ва Ўкраіне, а галоўным фактарам стала расейскае ваеннае ўварваньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG