Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Чачні Кадыраў заклікаў распраўляцца са сваімі крытыкамі за мяжой, калі іх не выдаюць у Расею


Рамзан Кадыраў
Рамзан Кадыраў

На пераднавагодняй нарадзе з камандзірамі МУС і Расгвардыі па Чачні кіраўнік рэгіёну Рамзан Кадыраў заклікаў пазбаўляцца ад сваіх крытыкаў, дзе б яны ні знаходзіліся, піша выданьне Каўказ.Реалии.

«Усе, хто ня згодны з нашым бачаньнем, няхай зьяжджаюць з рэспублікі. Мы даравалі многім, адпускалі затрыманых. Любога, хто заклікае нешта арганізаваць у Чачні, шкадаваць ня будзем. У якой бы дзяржаве ён ні знаходзіўся, мы адправім запыт на выдачу тэрарыста. Калі не выдаюць — значыць, мы павінны пазбавіцца ад яго так, як мы можам. Яны вядуць размовы пра нас, здымаюць фільмы пра нас, гавораць што хочуць — мы не павінны гэтага пакідаць», — заявіў кіраўнік Чачні.

Ён асобна падкрэсьліў, што нават калі родныя абвінавачанага ўладамі Чачні выракуцца яго, гэта не павінна стаць для іх прычынай «не адказваць» за дзеяньні сваякоў. Кадыраў і раней караў сваякоў сваіх крытыкаў — на пачатку жніўня мінулага году ён адправіў на вайну ва Ўкраіну чатырох сваякоў братоў Янгулбаевых — іх дзядзьку і трох стрыечных братоў з боку бацькі. Браты Янгулбаевы выступаюць з крытыкай кіраўніка Чачні: Абубакар — праваабаронца, Ібрагім і Байсангур зьвязаныя з апазыцыйным тэлеграм-каналам 1ADAT. За паўтара года да гэтага прадстаўнікі тэйпу Келой, да якога належаць Янгулбаевы, адмовіліся ад іх і праклялі іх.

На шматлікіх апанэнтаў Кадырава, якія зьехалі за мяжу, на радзіме пазаводзілі справы аб тэрарызьме і экстрэмізьме; на гэтай падставе Расея патрабуе выдачы гэтых людзей. Калі выдача адбываецца, то, як правіла, адразу ж па прылёце ў Расею чачэнца сустракаюць супрацоўнікі чачэнскіх спэцслужбаў, якія вязуць яго ў рэгіён.

  • З палітычнымі апанэнтамі афіцыйнага Грознага ня раз распраўляліся за мяжой. У сьпісе ахвяр — Гаджы Эдыльсултанаў і Іслам Джанібекаў, якія загінулі ў 2008 годзе, Алі (Муса) Асаеў — у 2009-м, Берг-Хаж Мусаеў, Рустам Альтэміраў і Заўрбек Амрыеў — у 2011-м, Мэдэт Унлю — у траўні 2013-га, Абдулвахід Эдыльгерыеў — у лістападзе 2015-га, Руслан Ісрапілаў — у траўні 2016-га.
  • На Мухамада Абдурахманава, брата апазыцыйнага блогера Тумсо Абдурахманава, быў учынены замах у лютым 2020 году, яшчэ адзін, як мяркуецца, рыхтаваўся ўвосень 2022 году. Выканаўцам забойства павінен быў стаць Тамерлан Аўрбіеў, які ў мінулым ваяваў у Чачні супраць фэдэральных войскаў, але быў амніставаны Кадыравым. Аўрбіеў пачаў рыхтавацца да злачынства, але потым зьвязаўся з самім Мухамадам Абдурахманавым і расказаў яму пра задуму забойства.
  • У лютым мінулага году Рамзан Кадыраў прыгразіў расправай сям’і Янгулбаевых. «Дзе б яны ні знаходзіліся, як бы яны ні хаваліся, мы іх знойдзем і зьнішчым», — заявіў ён тады. Янгулбаевы цяпер за мяжой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG