Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі Янгулбаевых у Чачні публічна адмовіліся ад іх і паабяцалі забіць. Раней іх абяцаў забіць Кадыраў


Чачэнскі праваабаронца Абубакар Янгулбаеў
Чачэнскі праваабаронца Абубакар Янгулбаеў

Прадстаўнікі тэйпа (адзінка арганізацыі чачэнцаў — РС) Келой, да якога належыць праваабаронца Абубакар Янгулбаеў, адмовіліся ад яго і ягоных блізкіх і праклялі іх. Публічныя выступленьні сваякоў распаўсюдзіў афіцыйны акаўнт тэлеканала ЧДТРК «Грозны» у Інстаграме.

Паводле слоў брата Сайдзі Янгулбаева, імя якога не называецца, тэйп зганьбаваны дзеяньнямі сям’і перад усёй рэспублікай і ўсім чачэнскім народам праз тое, што «гэтыя нягоднікі праклятыя».

«Мы заяўляем, што яны не зьяўляюцца нашай часткай. Калі да гэтага часу яны былі нашым прозьвішчам, то зараз мы будзем помсьціць, мы не адмаўляемся ад іх забойства. Калі мы іх дагонім, мы стрэлім. Ён [Сайдзі] быў старэйшым у нашай сямʼі, павінен быў замяніць нам бацьку, але менавіта праз яго мы сёньня ў такой сытуацыі. Я б сёньня аддаў шмат за тое, каб не казаць гэта», — кажа брат Янгулбаева. Ён таксама папрасіў прабачэньня ў кіраўніка рэспублікі і ва ўсяго чачэнскага народа.

Іншы брат, які назваўся Сайдзі-Амінам, абяцае, што калі знойдзе свайго пляменьніка Ібрагіма Янгулбаева, якога чачэнскія ўлады называюць адміністратарам апазыцыйнага тэлеграм-канала 1ADAT, раней за іншых, то асабіста яго забʼе.

«Я зраблю ўсё, каб знайсьці яго раней. Але калі вы мяне апярэдзіце, я дарую вам яго кроў. Я разрываю зь імі», — кажа ён.

Былы муфцій Чачні Шахід-Хаджы Газабаеў, таксама прадстаўнік тэйпа Келой, адзначыў, што ўвесь тэйп вінаваты ў дзеяньнях сямʼі Янгулбаевых.

«Ніхто нам не даруе за тое, што яны былі прадстаўнікамі тэйпа Келой. Дзе б яны ні знаходзіліся, у якой краіне, у якім бы кутку сьвету, мы павінны паклапаціцца пра іх», — сьцьвярджае ён.

Раней дэпутат Дзярждумы Адам Дэлімханаў паабяцаў адрэзаць галовы сямейнікам Янгулбаевых. Да гэтага кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў запісаў відэа з пагрозамі ў іх адрас, заявіўшы, што «гэтую сямейку чакае месца альбо ў турме, альбо пад зямлёй».

Браты Ібрагім і Абубакар Янгулбаевы, іхныя бацька, фэдэральны судзьдзя ў адстаўцы Сайдзі Янгулбаеў, і сястра знаходзяцца за мяжой. Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў заклікаў краіны, якія «прытулілі» членаў сямʼі Янгулбаевых, выдаць іх Расеі.

  • 20 студзеня людзі, якія прадставіліся супрацоўнікамі МУС Чачні, уварваліся ў кватэру Янгулбаевых у Ніжнім Ноўгарадзе. У іх былі дакумэнты на прымусовы прывад судзьдзі ў адстаўцы Сайдзі Янгулбаева і ягонай жонкі Зарэмы Мусаевай — бацькоў былога юрыста «Камітэта супраць катаваньняў» Абубакара Янгулбаева — у Чачэнію для допыту ў якасьці сьведак у справе аб махлярстве. Паколькі судзейскі статус Сайдзі Янгулбаева забясьпечвае яму недатыкальнасьць, затрымалі толькі Мусаеву. Пазьней улады Чачэніі паведамілі, што суд прызначыў Мусаевай 15 дзён адміністрацыйнага арышту па абвінавачаньні ў нападзе і абразе паліцэйскага. З моманту выкраданьня дакладнай інфармацыі аб лёсе і стане здароўя хворай на інсулінзалежны дыябэт Зарэмы Мусаевай няма. Да яе не дапускаюць адвакатаў.

  • Судзьдзя Сайдзі Янгулбаеў пасьля затрыманьня жонкі разам з дачкой зьехаў з Расеі.
  • Чачэнскія ўлады лічаць братоў Ібрагіма і Абубакара Янгулбаевых датычнымі да стварэньня і мадэраваньня апазыцыйнага тэлеграм-канала 1ADAT. 31 студзеня Ібрагім Янгулбаеў, які жыве за мяжой, быў завочна арыштаваны ў рамках крымінальнай справы аб закліках да тэрарыстычнай дзейнасьці, распачатай супраць яго за публікацыі ў гэтым канале.
  • У канцы студзеня Абубакар Янгулбаеў паведаміў, што сваякі, якія жывуць у Чачэніі — усяго каля 15 чалавек — перасталі выходзіць на сувязь і не зьяўляюцца дома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG