Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Беларусі адключалі YouTube і ці могуць яго заблякаваць цалкам. Разьбіраемся з экспэртам


Фрагмэнт навагодняга выступу Сьвятланы Ціханоўскай. Каляж
Фрагмэнт навагодняга выступу Сьвятланы Ціханоўскай. Каляж

Часовае блякаваньне папулярнага відэагостынгу YouTube у Беларусі адбылося перад віншавальным выступам дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай і працягвалася каля 20 хвілін. Расказваем, што гэта значыць.

Карыстальнікі інтэрнэту ў Беларусі перад надыходам Новага году пачалі скардзіцца на адсутнасьць доступу да YouTube. Часовае блякаваньне адбылося перад выступам Сьвятланы Ціханоўскай, які трансьляваўся праз гэты сэрвіс. Гэта першая вядомая спроба заблякаваць YouTube у Беларусі. Раней бывала, што ўлады цалкам адключалі доступ да інтэрнэту, як 9-12 жніўня 2020 году.

Паказальна, што доступ зьнік не ўва ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў. Праз VPN-сэрвісы YouTube быў дасяжны. Агулам блякаваньне доўжылася каля 20 хвілін. Расказваем, як магло адбыцца блякаваньне і што гэта значыць.

Як маглі заблякаваць ютуб?

Свабода пагаварыла зь некалькімі экспэртамі ў кампутэрнай бясьпецы. На іх думку, блякаваньне магло адбыцца па некалькіх сцэнарах. Першы — наўпрост праз дамэннае імя, іначай кажучы, калі блякуюцца ўсе адрасы YouTube. Такое рашэньне прымае рэгулятар — то бок беларускія ўлады. Пасьля рашэньне даводзіцца да апэратараў, якія аказваюць паслугі доступу да інтэрнэту.

Другі спосаб, які апісалі суразмоўцы Свабоды, — блякаваньне праз Google Global Cache. Гэта сэрвэры кампаніі Google, на якіх захоўваецца папулярны кантэнт і якія забясьпечваюць хуткі доступ да яго. Гэтыя сэрвэры таксама забясьпечваюць доступ з глябальных сэрвэраў на лякальныя рэсурсы інтэрнэт-апэратараў. Адключэньне ці блякаваньне гэтых сэрвэраў таксама запавольвае доступ.

Трэці спосаб — так званы «шэйпінг». Гэта не блякаваньне сэрвісу цалкам, а звужэньне паласы пропуску дадзеных. Пра такі сцэнар кажа мэдыяаналітык Міхаіл Дарашэвіч.

«Тэхнічна мы лічым, што быў „шэйпінг“, гэта значыць не блякаваньне на 100%, а звужэньне паласы прапусканьня, што пацьвярджаецца дадзенымі Google, дзе бачна падзеньне трафіку YouTube у Беларусі на 45%», — кажа Міхаіл Дарашэвіч

Гэта значыць, што сэрвэр быў заблякаваны не для ўсіх юзэраў.

Графік зьмены ў трафіку YouTube у Беларусі 28 сьнежня — 1 студзеня
Графік зьмены ў трафіку YouTube у Беларусі 28 сьнежня — 1 студзеня

Графік росту пошукавых запытаў
Графік росту пошукавых запытаў

Свабода зьвярнулася да кампаніі Google, якой належыць сэрвіс YouTube, з просьбай пракамэнтаваць здарэньне. Мы апублікуем іх адказ, як толькі атрымаем яго.

Ці могуць яго заблякаваць зусім?

Тэарэтычна гэта магчыма, кажуць экспэрты. Аднак такое блякаваньне — цяжкая задача зь невядомымі наступствамі, бо «гэта ня проста сайт зь некалькімі сэрвэрамі». На цяперашні момант YouTube цалкам заблякаваны ў Кітаі, Паўночнай Карэі, Туркмэністане, Іране і Эрытрэі. У Расеі размовы пра блякаваньне YouTube ідуць ужо некалькі гадоў, але пакуль сэрвіс там працуе.

У 2008 годзе Пакістан спрабаваў заблякаваць YouTube у сябе, тады доступ да сэрвісу страцілі карыстальнікі па ўсім сьвеце. Прычынай стала тое, што пакістанская кампанія, якая адмініструе трафік, накіравала маршрутызатарам сеткі па ўсім сьвеце ілжывыя дадзеныя. Многія не маглі зайсьці ў сэрвіс дзьве гадзіны.

«У Расеі шмат гадоў гавораць пра блякаваньне YouTube і прыйшлі да высновы, што блякаваць яго больш шкодна, чым не блякаваць. Яго зьбіраюцца заблякаваць у Расеі, калі зробяць сваю альтэрнатыву. У Беларусі на стварэньне альтэрнатывы YouTube няма ні грошай, ні тэхнічных магчымасьцяў, ні рэсурсаў. Дзяржаўныя мэдыя самі разьмяшчаюць свой кантэнт у YouTube. Гэты сэрвіс мае шмат сэрвэраў, у Беларусі Google ня мае інфраструктуры, адначасова выключыць увесь YouTube — гэта самім сабе адрэзаць канал данясеньня інфармацыі», — кажа Міхаіл Дарашэвіч.

Як абыйсьці блякаваньне?

Нават пры поўным блякаваньні YouTube у Беларусі ў сэрвіс можна будзе зайсьці праз VPN.

Гэта самы папулярны спосаб абыходу масавых блякаваньняў сайтаў. Карыстальнік нібыта падключаецца не да заблякаваных рэсурсаў, а да чужой сеткі, і з тае сеткі ўжо заходзіць на тыя ці іншыя рэсурсы.

Можна таксама скарыстацца Web proxy. Гэта зручна, калі трэба атрымаць доступ не да праграмы, а да сайта. Можна нічога не ўсталёўваць, а скарыстацца сайтам-«ананімайзэрам» (Web proxy). З боку правайдэра будзе бачна, што карыстальнік заходзіць не на заблякаваны сайт, а на старонку ананімайзэра, а што адбываецца на гэтай старонцы — ня бачыць.

Трэці спосаб — вэб-браўзэр Tor. Ананімная сетка праекту Tor («The Onion Router» — даслоўна «цыбулевы роўтэр») шмат разоў шыфруе і перанакіроўвае інфармацыю па вузлах сеткі, перш чым тая трапіць да карыстальніка. Праект «цыбулевай маршрутызацыі» распрацавалі вайскова-марскія сілы ЗША, але цяпер ён даступны кожнаму (на настольных кампутарах і Android, а ва «ўрэзанай» і не да канца ананімнай вэрсіі — на iOS).

У прэсавай службе Офісу Сьвятланы Ціханоўскай адрэагавалі на блякаваньне YouTube у навагоднюю ноч. На думку Офісу, блякаваньне толькі «падвысіла цікавасьць да звароту Сьвятланы Ціханоўскай».

«Гэта вялікая ганьба рэжыму, і яна паказвае яго бездапаможнасьць. З аднаго боку, рэжым не хацеў, каб людзі глядзелі зварот Ціханоўскай на Новы год, і не прыдумаў нічога лепшага, чым заблякаваць YouTube. Вядома, людзі ўсё роўна зварот паглядзелі, больш за тое — гэта толькі падвысіла цікавасьць да яго. Гэтае шкодніцтва і помсьлівасьць, але няўдалае. Зь іншага боку — гэта можа быць тэставаньне магчымага адключэньня YouTube. Гэта вельмі небясьпечна, і гэта чарговы крок да ізаляцыі беларусаў», — расказала прэс-сакратарка Офісу Сьвятланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.

Як чытаць і глядзець Свабоду насуперак блякаваньню

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG