Жыхарку Гомля затрымалі за тры данаты на агульную суму $80. Пра гэта стала вядома з тэлеграм-каналу сілавікоў.
Паведамляецца, што затрыманая знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
Як высьветліла «Наша ніва», затрыманую завуць Вольга Блажэвіч, яна скончыла Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт у 2011 годзе, адвучылася на праграміста-матэматыка. На яе профілі ў сетцы Linkedin пазначана шэсьць IT-кампаній, у якіх яна працавала. З жніўня 2020-га Вольга кіруе камандай тэставальнікаў у кампаніі UULA, зарэгістраванай у Кувэйце.
Найхутчэй, жанчыну затрымалі пры вяртаньні ў Беларусь. На аватарцы ў сацсетках у яе стаяў бел-чырвона-белы сьцяг, захоўваліся падпіскі на «Люстэрка» і «Хартыю’97». А ў плацяжах стаялі тры ахвяраваньні – на 10, 20 і 50 даляраў.
Паводле сілавікоў, цяпер Вольга Блажэвіч знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня і вырашаецца пытаньне аб тым, да якой адказнасьці яе прыцягнуць.