Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фальшывыя «знакамітасьці» з крытыкай Украіны: новая тактыка крамлёўскіх прапагандыстаў


Тэйлар Свіфт. Ілюстрацыйнае фота.
Тэйлар Свіфт. Ілюстрацыйнае фота.

Для распаўсюджваньня прарасейскай прапаганды ў сацыяльных сетках выкарыстоўваюцца фальшывыя цытаты многіх знакамітасьцяў зь нібыта антыўкраінскай рыторыкай.

Пра гэта піша Euronews.

Ці былі грэблівыя заявы такіх знакамітасьцяў, як Тэйлар Сьвіфт, Сэлена Гомэс і Кім Кардаш’ян на адрас Украіны? Аказваецца, не было.

Гэта новая тактыка, якая выкарыстоўваецца акаўнтамі для распаўсюджваньня прарасейскай прапаганды ў сацыяльных сетках, на фоне поўнамаштабнага ўварваньня Крамля ва Ўкраіну.

«Засмучае тое, як Украіна выкарыстоўвае нашу дапамогу. Хтосьці павінен сурʼёзна пакласьці гэтаму канец», — гэтыя словы на францускай і нямецкай разьмешчаныя побач з фатаграфіяй зорнага футбаліста Крыштыяну Раналду.

«Я хачу спытаць, чаму першая лэдзі Ўкраіны Алена Зяленская купляе ўпрыгожаньні Cartier на 1 мільён даляраў, калі яе муж просіць у ЗША грошай на вайну», — абвяшчае іншая «цытата», прыпісаная амэрыканскай вядучай ток-шоў Опры Ўінфры, а таксама актору Дуэйну «Скале» Джонсану.

Хоць на першы погляд гэтыя паведамленьні могуць здацца праўдападобнымі, яны — частка больш маштабнай дэзынфармацыйнай кампаніі Крамля.

Мэта? Стварыць уражаньне, што нават знакамітасьці выступаюць на баку Масквы, крытыкуючы Кіеў, піша Euronews.

Паводле дадзеных AntiBot4Navalny — групы інтэрнэт-расьсьледавальнікаў, якая адсочвае расейскія апэрацыі ўплыву за мяжой, — для прапагандысцкай кампаніі былі абраныя больш за 75 знакамітасьцяў.

У справаздачы яны пішуць, што гэтыя фальшывыя цытаты былі разьмешчаныя ботамі Doppelganger (па-нямецку — двайнік), «адной з найбуйнейшых і найбольш дзейных пракрамлёўскіх кампаній уплыву з 2017 году». Лічыцца, што гэтыя робаты зьвязаныя з расейскай вайсковай выведкай ГРУ, сьцьвярджаюць расьсьледавальнікі з AntiBot4Navalny.

Паводле іх, выяўленыя акаўнты ў сацсетках, якія прасоўвалі гэтыя сайты-двайнікі пару месяцаў таму, — тыя ж самыя, якія цяпер накіроўваюць карыстальнікаў на сайты, наўпрост зьвязаныя з расейскім вайсковым шпіёнскім агенцтвам.

Як жа працуе кампанія Doppelganger? Сайты вядучых міжнародных СМІ клануюцца для распаўсюджваньня антыўкраінскага парадку дня.

А паколькі гэтыя падробленыя сайты выглядаюць гэтаксама, як і сапраўдныя, некаторыя карыстальнікі сацсетак трапляюцца на вуду і ў выніку дзеляцца падробленым артыкулам, лічачы яго сапраўдным.

Так адбылося ў чэрвені 2023 году, калі былі кланаваныя некалькі вядучых францускіх і нямецкіх газэтных сайтаў. Паводле дадзеных францускіх уладаў, гэтыя сайты-двайнікі распаўсюджвалі ў асноўным антыўкраінскі кантэнт.

Зусім нядаўна кампанія Doppelganger перайшла да новай цэлі: вайны паміж Ізраілем і ХАМАС.

Агульная тэма — распаўсюджваньне меркаваньня, што фінансавая падтрымка, якая паступае ад заходніх дзяржаваў, была перанакіраваная з Украіны на Ізраіль, і што Ўкраіна хутка страціць усю вайсковую і фінансавую падтрымку Захаду.

Хоць кампанія па стварэньні двайнікоў вядзецца ўжо даўно, выкарыстаньне фальшывых цытатаў знакамітасьцяў стала новай тактыкай, якая паказвае, наколькі настойліва пракрамлёўскія акаўнты працягваюць спрабаваць дыскрэдытаваць Украіну, піша Euronews.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG