У Менску памёр адзін з найбольш пазнавальных у савецкі час тэлевізійных карэспандэнтаў і вядоўцаў Беларускай тэлевізіі Аляксандар Дамарацкі.
Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА са спасылкай на ягоную дачку, прычынай сьмерці стаў прыступ пры хранічнай хваробе лёгкіх.
Аляксандру Дамарацкаму было 74 гады. На Беларускай тэлевізіі ён працаваў амаль паўстагодзьдзя. Пачынаў рэпартэрам у інфармацыйнай рэдакцыі Беларускай тэлевізіі, быў вядоўцам навін. Пазьней, ён працаваў генэральным дырэктарам Дырэкцыі праграм Беларускай тэлевізіі, але потым зноў вярнуўся ў этэр з сваім аўтарскім праектам «Сьвятло далёкай зоркі» пра дзеячоў беларускай культуры. За 17 гадоў выйшла каля 400 выпускаў перадачы.
У сваім інтэрвію дзяржаўнаму выданьню sb.by Аляксандар Дамарацкі некалькі гадоў таму паведаміў, што сышоў з тэлевізіі праз стан здароўя.
«Я рады, што амаль за паўстагодзьдзя на тэлевізіі стварыў і пакінуў такія перадачы, якія, як гаворыцца, па-за часам, навечна. Лічу, самае галоўнае ў нашай прафэсіі — застацца ў памяці і ў сэрцы. Ня проста ярка мільгануць, але трапіць у думкі чалавека, крануць яго эмоцыі і пасяліцца дзесьці там, унутры тэлегледача, стаць для яго запамінальным і важным. Мяркую, у мяне гэта атрымалася», — казаў Аляксандар Дамарацкі.
Калі пачалася русыфікацыя беларускага тэлеэтэру, Аляксандар Дамарацкі выступаў за захаваньне беларускай мовы. Пра гэта, прынамсі, згадваў Аляксандар Лукашэнка ў кастрычніку 2000 году. Тады ён паведаміў, што адзін з кіраўнікоў Беларускае тэлевізіі Аляксандар Дамарацкі вельмі прасіў яго: «Аляксандар Рыгоравіч, вы нам дазвольце запатрабаваць ад журналістаў добрае беларускае й добрае расейскае. Добра можаш гаварыць на беларускай мове — калі ласка, вядзі рэпартаж. Ня можаш — ну дык не заікайся ў этэры».
Прачас і месца пахаваньня сваякі паведамяць пазьней.