15 сьнежня ў Кланавіцкім парку знайшлі забітымі 32-гадовага мужчыну і яго двухмесячную дачку.
Па словах прадстаўніка чэскай паліцыі, у знойдзенай запісцы Давід К. напісаў, што ўчыніў напад у парку. Паліцыя не раскрывае зьмест паведамленьня ў інтарэсах расьсьледаваньня.
Раней верагоднае дачыненьне студэнта да забойства бацькі і дачкі на ўскраіне Прагі паказала балістычная экспэртыза.
Чэская паліцыя таксама паведаміла, што сьледчыя, якія працавалі ў Кланавіцкім парку, выйшлі на сьлед Давіда К., але не пасьпелі затрымаць яго да масавай стральбы, якую ён зладзіў на філязофскім факультэце ўнівэрсытэту.
Давід К. скончыў жыцьцё самагубствам падчас затрыманьня. Ягоныя матывы дагэтуль невядомыя. Паліцыя адмаўляе яго сувязь зь нейкімі тэрарыстычнымі ці экстрэмісцкімі групоўкамі. Пры гэтым нападнік, відаць, старанна рыхтаваўся: ён прынёс з сабой некалькі адзінак зброі, якія не пасьпеў скарыстаць. Зброяй Давід К. валодаў легальна.
Стральба ў Карлавым унівэрсытэце ў цэнтры Прагі стала самай масавай у гісторыі сучасных краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.