Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праскі стралок. Што вядома пра нападніка, які ўчыніў бойню ва ўнівэрсытэце


Кветкі і сьвечкі на месцы здарэньня. Прага, 22 сьнежня 2023
Кветкі і сьвечкі на месцы здарэньня. Прага, 22 сьнежня 2023

Чэхія ў шоку. Увечары 21 сьнежня ў самым цэнтры Прагі, у будынку філязофскага факультэту Карлавага ўнівэрсытэту, найбуйнейшага ў краіне, былі забітыя 13 і параненыя 25 чалавек. Нападнік, узброены аўтаматычнай вінтоўкай з аптычным прыцэлам, таксама загінуў.

Паводле папярэдніх дадзеных, ён быў студэнтам таго ж факультэту. Гэта першы ў гісторыі Чэхіі выпадак такога масавага забойства ў навучальнай установе — так званага скулшутынгу.

Падобныя злачынствы даволі частыя ў Злучаных Штатах, здаралася падобнае ў апошнія гады і ў Расеі — у прыватнасьці, у расейскай Казані і зусім нядаўна ў Бранску. Зьявіліся зьвесткі пра нейкую сувязь падазраванага з Расеяй — нібыта ён вёў тэлеграм-канал на расейскай мове. Што вядома пра здарэньне?

Арыгінал публікацыі на сайце расейскай службы Радыё Свабода.

Трагедыя 21 сьнежня

У першай палове дня 21 сьнежня чэская паліцыя атрымала інфармацыю, што зь мястэчка Гастоўнь непадалёк ад Прагі ў чэскую сталіцу накіроўваецца нейкі малады чалавек, які зьбіраецца скончыць жыцьцё самагубствам. Пакуль не выдаецца, хто і пры якіх абставінах падаў паліцыянтам гэтую інфармацыю. Маладога чалавека пачалі шукаць. Падчас гэтых пошукаў у ягонай хаце ў Гастоўні паліцыянты знайшлі ягонага бацьку нежывога, са сьлядамі гвалтоўнай сьмерці.

Як пазьней паведаміў на брыфінгу кіраўнік паліцыі Чэскай рэспублікі Марцін Вондрашэк, паліцыянты прыйшлі ў адзін з карпусоў філязофскага факультэту Карлава ўнівэрсытэту, дзе вучыўся падазраваны і дзе ў той дзень у яго павінны былі быць заняткі. Тым часам зь іншага корпуса таго ж факультэту, на плошчы Яна Палаха, паступіла інфармацыя, што пачалася страляніна. Паліцыянты прыбылі туды і ачапілі будынак.

Пра тое, што ў той момант адбывалася ўнутры, расказаў пазьней расейскі гісторык Сяргей Мядзведзеў, які выкладае на факультэце, вядоўца праграмы Радыё Свабода «Археалогія». Ён забарыкадаваўся разам са студэнтамі ў навучальнай аўдыторыі.

«Усе студэнты, якія былі са мной, усе ў бясьпецы, мы выйшлі. Мы былі на трэцім паверсе, страляніна, я так разумею, на чацьвёртым. Усходы былі ў крыві, ня ўсе, але даволі шмат крыві, сьляды крывавыя былі. І на першым-другім паверхах стаялі насілкі, як мне здалося, некаторыя нават зь целамі. Мы перачакалі. Мы практычна ад моманту пачатку стральбы больш за гадзіну знаходзіліся ў аўдыторыі».

Ліза Чухарава, студэнтка 1-га курсу філязофскага факультэту, расказала:

«Мы былі на занятках на трэцім паверсе. Былі чуваць крыкі, потым стрэлы. Было незразумела, дзе страляюць: звонку ці ўсярэдзіне. Спачатку ў нас адна студэнтка выйшла ў прыбіральню і літаральна праз сэкунду вярнулася ў аўдыторыю і сказала: „Не хачу вас палохаць, але ў нас у калідоры вельмі шмат паліцыі, спэцназу“. І ўжо пасьля гэтага ў аўдыторыю забег спэцназ, сказаў заставацца на сваіх месцах, праверыў па кутах, што ўсё ў парадку. Мы выключылі сьвятло, забарыкадаваліся і сталі чакаць, чым усё скончыцца. Мы тады ня ведалі, што ўвогуле адбываецца. Гэта значыць, мы ня ведалі, гэта стралок, ці нейкі іншы нападнік, ці, можа, масавая бойка. І ўжо хвілін праз сорак, мусіць, у забарыкадаваную аўдыторыю ўварваўся спэцназ, паклаў усіх на падлогу. Пасьля нас з паднятымі рукамі выводзілі на вуліцу. Мы бачылі вельмі шмат крыві, вельмі шмат насілак, побач стаялі хуткія».

З будынку выбягалі людзі з узьнятымі рукамі. Відавочцы распаўсюджвалі фатаграфіі студэнтаў, якія хаваліся ад нападніка на карнізах. Студэнты расказваюць, што пры спробе спусьціцца з балькона ўпала жанчына. Пра яе стан не паведамляецца.

Мяркуючы па інфармацыі ўладаў і апісаньні здарэньня ў чэскіх СМІ, стралок, расправіўшыся зь некалькімі людзьмі ўнутры будынку, падняўся на дах, адкуль працягваў весьці агонь і ўступіў у перастрэлку з паліцыяй. Неўзабаве ён быў забіты — як паведаміў начальнік праскай паліцыі Пэтр Матэйчак, скончыў жыцьцё самагубствам у момант, калі да яго наблізіліся супрацоўнікі паліцыі, якія вылезьлі на дах. Гэта быў 24-гадовы студэнт-гісторык Давід К. Зьвесткі пра тое, што ў яго былі саўдзельнікі, а па цэнтры Прагі нібы блукае ўзброеная жанчына, не пацьвердзіліся.

Прэм'ер-міністар Чэхіі Пэтр Фіяла ў жалобе ля Карлавага ўнівэрсытэту па ахвярах масавага расстрэлу ў Празе, 22 снежня 2023
Прэм'ер-міністар Чэхіі Пэтр Фіяла ў жалобе ля Карлавага ўнівэрсытэту па ахвярах масавага расстрэлу ў Празе, 22 снежня 2023

«Арсэнал» зброі і боепрыпасаў

Раніцай 22 сьнежня міністар унутраных спраў Чэхіі Вітпрэм Ракушан паведаміў, што ўдалося ўстанавіць асобы ўсіх загінулых. Чэскае тэлебачаньне перадало са спасылкай на прадстаўнікоў праскіх бальніц, што стан усіх параненых стабільны. Гаворка ідзе пра агнястрэльныя раненьні галавы, грудзей, канцавін, а таксама пра пераломы — відавочна, калі скакалі з вышыні, каб уратавацца ад нападу.

Сярод пацярпелых трое замежнікаў — грамадзяне Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Нідэрляндаў.

Шэф чэскай паліцыі Марцін Вондрашэк расказаў журналістам, што ў будынку факультэту знайшлі «цэлы арсэнал» зброі і боепрыпасаў, які належаў стралку. На думку Вондрашэка, калі б ня хуткія дзеяньні паліцыянтаў, ахвяраў магло быць значна больш. Ад паступленьня сыгналу аб стральбе на плошчы Палаха да сьмерці нападніка прайшла 21 хвіліна.

На пытаньне, як аднаму са студэнтаў удалося пранесьці ў будынак столькі зброі, рэктарка Карлавага ўнівэрсытэту Мілена Кралічкава адказала:

«Студэнты нярэдка прыходзяць у будынак зь вялікімі торбамі. У нас вучацца людзі з усёй рэспублікі. Цяпер, перад Калядамі, яны часам зьяўляюцца на заняткі з багажом — каб потым адразу паехаць дадому да семʼяў».

У СМІ і сацыяльных сетках, аднак, гучыць усё больш пытаньняў, ці нармальная такая сытуацыя і ці адпавядае рэжым бясьпекі ў чэскіх ВНУ сытуацыі ў грамадзтве.

Паліцыя паведаміла, што ў сувязі са здарэньнем сама меней да 1 студзеня ў краіне будуць уведзены павышаныя меры бясьпекі, зьявяцца паліцэйскія патрулі з аўтаматамі, перш за ўсё ў тых месцах, якія ўлады ацэньваюць як «уразьлівыя». Адначасова ідзе адсочваньне камэнтароў у сацыяльных сетках — там былі адзначаныя выказваньні, якія ўхвалялі дзеяньні нападніка, іх расцанілі як распаўсюджваньне нянавісьці. Адзін такі скрыншот чэская паліцыя прывяла ў сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы Х.

Улады Чэхіі аб’явілі 23 сьнежня днём жалобы. Перад будынкам рэктарата Карлавага унівэрсытэту, іншых чэскіх ВНУ ўзьніклі стыхійныя мэмарыялы — людзі ставяць сьвечкі, прыносяць кветкі ў памяць аб загінулых.

Што вядома пра падазраванага ў масавым забойстве ў цэнтры Прагі?

Кіраўнік МУС Чэхіі Віт Ракушан адзначыў, што стралок з унівэрсытэту ніколі ня меў праблем з законам, зброяй валодаў легальна. Вучыўся добра, аднакурсьнікі, аднак, апісваюць яго як замкнёнага чалавека, які «асабліва ні з кім ня меў зносін». Падобнае кажуць і пра ўсю сям'ю К. апытаныя журналістамі суседзі, жыхары ягонага мястэчка.

Сам Давід К., паводле зьвестак паліцыі, хутчэй за ўсё, зьвязаны яшчэ з адным гучным злачынствам, пра якое ў Чэхіі шмат гаварылі апошнімі днямі. 15 сьнежня ў Клановіцкім лесапарку на ўскраіне Прагі былі застрэленыя 32-гадовы мужчына і двухмесячнае дзіця. Міністар Ракушан паведаміў у інтэрвію чэскаму тэлебачаньню, што гаворка афіцыйна пакуль ідзе аб вэрсіі сьледзтва, але імавернасьць таго, што забойцам мужчыны і дзіцяці быў стралок з унівэрсытэту, «вельмі высокая».

У чэрвені 2022 году Давід К. абараніў бакаляўрскую працу, прысьвечаную Кракаўскаму паўстаньню 1846 году. За гэтую працу яго ўшанавалі прэміяй, пра што паведамляў афіцыйны акаўнт ягонага факультэту ў траўні 2023 году.

Давід К. атрымлівае факультэцкую прэмію ў траўні 2023 году
Давід К. атрымлівае факультэцкую прэмію ў траўні 2023 году

Давід К. бываў у Польшчы. Радыё Свабода знайшло яго на здымках з гарадзкога канцэрту ў польскім горадзе ў 2014 годзе.

Давід К. на канцэрце ў Польшчы ў 2014 годзе
Давід К. на канцэрце ў Польшчы ў 2014 годзе

З дапамогай апублікаванага чэскімі журналістамі відэа Радыё Свабода вызначыла дакладны адрас дома ў горадзе Гастоўнь недалёка ад Прагі, у якім чэская паліцыя праводзіла сьледчыя дзеяньні пасьля выяўленьня цела забітага бацькі Давіда К. Па агульнадаступных чэскіх базах дадзеных мы ўстанавілі трох зарэгістраваных па гэтым адрасе чалавек, верагодна, сваякоў стралка. Станіслаў К., як мяркуецца, бацька Давіда, працаваў у праскім аэрапорце імя Вацлава Гавэла, што непадалёк адтуль.

Ён быў намесьнікам старшыні прафсаюзу аэрапорту і працаваў у службе бясьпекі. Мы знайшлі ў інстаграме пост калегі Станіслава К., у якім ён смуткуе ў сувязі са здарэньнем. На пытаньне Радыё Свабода, ці мог сын Станіслава К. размаўляць па-расейску ці быць зьвязаны зь нейкай з постсавецкіх краін, гэты чалавек адказаў, што не валодае такой інфармацыяй.

Загадкавы дзёньнік

Увечары ў чацьвер, празь некалькі гадзін пасьля стральбы ва ўнівэрсытэце, карыстальнікі інтэрнэту знайшлі ў тэлеграме канал, у якім карыстальнік з такім жа імем і прозьвішчам — Давід К. — на расейскай мове вёў «дзёньнік» падрыхтоўкі да свайго злачынства. Радыё Свабода паспрабавала высьветліць, ці мог Давід К. мець сувязі з Расеяй, Украінай ці іншымі постсавецкімі краінамі.

Сапраўднасьць тэлеграм-канала, які, паводле непацьверджаных зьвестак, быў створаны Давідам К. і ў якім ён на расейскай мове расказваў пра свой намер учыніць масавае забойства, выклікае пытаньні. Пра тое, што канал мог належаць стралку, кажа і чэская паліцыя — аднак не ўдакладняючы, ці зроблена такая выснова на падставе агульнадаступнай інфармацыі, ці пасьля вывучэньня гаджэтаў або кампутара Давіда К.

Празь некалькі гадзін пасьля таго, як журналісты знайшлі гэты канал, і ўжо пасьля сьмерці стралка ён быў пераведзены ў «прыватны рэжым», а затым і ўвогуле выдалены. Ці гэта зрабіла паліцыя Чэхіі, ці хто іншы, невядома. У распараджэньні Радыё Свабода засталіся скрыншоты ўсіх паведамленьняў у канале.

Канал быў створаны 9 сьнежня і пачынаўся з паста, у якім апісваўся «дзёньнік» падрыхтоўкі да стральбы ў школе. Як прыклады, што натхнілі стралка, згадваюцца 14-гадовая расіянка Аліна Афанаскіна, якая ўчыніла 7 сьнежня стральбу ў школе ў Бранску, а таксама 19-гадовы Ільназ Галявіеў, які забіў у 2021 годзе ў школе ў Казані сямёх дзяцей і дзьвюх настаўніц. Аж да 21 сьнежня, дня забойства, канал знаходзіўся ў прыватным рэжыме.

Скрыншот з тэлеграм-канала, які зьвязваюць з забойцам
Скрыншот з тэлеграм-канала, які зьвязваюць з забойцам

Пасты ў тэлеграм-канале напісаныя па-расейску, але з шматлікімі граматычнымі памылкамі, характэрнымі для носьбітаў мовы, якія даўно перасталі выкарыстоўваць яе ў штодзённым жыцьці. Некаторыя з памылак выключаюць верагоднасьць таго, што тэкст у канале быў створаны з дапамогай машыннага перакладу. Аўтар канала ўжываў сучасныя слэнгавыя словы, што сьведчыць пра яго знаёмства з расейскамоўным падлеткавым асяродзьдзем, магчыма, праз онлайнавыя кампутарныя гульні.

Журналіст The New York Times Арык Толер, экспартаваўшы дадзеныя канала ў іншы сэрвіс, высьветліў, што першапачаткова ён меў подпіс: «Я натхнёны Алінай». Атрыбутаваць гэты канал як належны пражскаму стралку найбольш перашкаджае той факт, што першы пост у канале быў некалькі разоў адрэдагаваны, упершыню — у 16 гадзін 55 хвілін па праскім часе, калі Давід К. быў ужо мёртвы. Зрабіць гэта маглі або паліцэйскія, якія атрымалі доступ да канала, або хтосьці яшчэ, у каго быў пароль да тэлеграма Давіда К.

Паводле адной з вэрсій, канал мог быць створаны чалавекам, не зьвязаным з праскай стральбой, а затым пасты ў ім маглі быць адрэдагаваныя, каб стварыць у чытача ўражаньне, хто яны напісаныя Давідам К. На карысьць гэтай вэрсіі гаворыць той факт, што Давіда і ягоная сямʼя ня маюць ніякіх відочных сувязяў з Расеяй ці іншымі краінамі, дзе шырока выкарыстоўваецца расейская мова, а таксама тое, што пра канал стала вядома толькі празь некалькі гадзін пасьля трагедыі. Як адзначае ў сацыяльнай сетцы X чэскі дасьледчык прапаганды і дэзынфармацыі Ёнаш Янчарык, тэарэтычна пасты ў тэлеграме можна адрэдагаваць пазьней так, каб яны не былі пазначаныя як адрэдагаваныя — калі ўносіць праўкі вельмі хутка.

Паводле апошніх паведамленьняў праскай паліцыі, Давід К. у мінулым лячыўся ад псыхічных праблем. Пры гэтым ён быў уладальнікам 12 адзінак зброі — некалькіх пісталетаў, паляўнічых стрэльбаў і той самай аўтаматычнай вінтоўкі. Падобна, расьсьледаваньне справы аб стральбе ў Карлавым унівэрсытэце прынясе яшчэ нямала непрыемных пытаньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG