Па словах Шайгу, узяцьце Марʼінкі дазволіла адсунуць украінскую артылерыю ад Данецка. Пуцін у адказ заўважыў, што расейскія войскі «атрымліваюць магчымасьць выходзіць на шырэйшую апэратыўную прастору».
Прадстаўнік Узброеных сіл Украіны Аляксандр Штупун у эфіры тэлемаратону назваў паведамленьне Шайгу аб поўным захопе Марʼінкі некарэктным. Па словах Штупуна, баі працягваюцца і ўкраінскія вайскоўцы знаходзяцца ў адміністрацыйных межах горада.
Раней сёньня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў калядным віншаваньні паведаміў, што ўкраінскія вайскоўцы зьбілі пяць расейскіх самалётаў. Генштаб УСУ ў сваёй зводцы на 25 сьнежня адзначаў, што расейскія войскі спрабуюць наступаць па ўсёй лініі фронту.
Ва ўмовах баявых дзеяньняў апэратыўна пацьвердзіць інфармацыю бакоў, якія ваююць, немагчыма.
Марʼінка знаходзіцца прыкладна за 10 кілямэтраў на паўднёвы захад ад Данецку. На 2022 год там пражывалі больш за дзевяць тысяч чалавек. У 2014 годзе горад апынуўся ў зоне баявых дзеяньняў паміж украінскім войскам і сэпаратыстамі самаабвешчанай «ДНР».
З сакавіка 2022 года ў раёне Марʼінкі ідуць жорсткія баі паміж расейскім войскам і ўзброенымі сіламі Ўкраіны. Горад амаль цалкам разбураны.