Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навальны знайшоўся ў калёніі за Палярным кругам


Аляксей Навальны падчас суду.
Аляксей Навальны падчас суду.

Расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны знаходзіцца ў калёніі асаблівага рэжыму ў пасёлку Харп Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Расеі. Пра гэта паведамілі ягоныя паплечнікі, у якіх 20 дзён не было сувязі з Навальным.

Як паведаміла прэс-сакратар Навальнага Кіра Ярмыш, са зьняволеным бачыўся яго адвакат, сам Навальны «у парадку».

Пасёлак Харп знаходзіцца за 60 кілямэтраў на поўнач ад Палярнага круга, зараз там палярная ноч. Чыгуначная лінія праз Варкуту зьвязвае яго з Масквой.

У пасёлку дзьве калёніі асаблівага рэжыму. Навальны знаходзіцца ў калёніі нумар 3. Там у свой час утрымліваліся адзін з саўладальнікаў ЮКАСа Платон Лебедзеў, а таксама ўкраінскі рэжысэр і актывіст Алег Сянцоў. «Умовы там жорсткія, з асаблівым рэжымам у зоне вечнай мерзлаты. Туды вельмі складана дабрацца», — адзначае паплечнік Навальнага Іван Жданаў.

У пасёлку ёсьць яшчэ адна калёнія «Палярная сава» — для асуджаных да пажыцьцёвага пазбаўленьня волі.

Раней Навальны знаходзіўся ў калёніі строгага рэжыму нумар 6 ва Уладзімірскай вобласьці Расеі. З 6 сьнежня да яго перасталі пускаць адвакатаў. Пасьля ў Фэдэральнай службе выкананьня пакараньняў Расеі заявілі, што Навальны 11 сьнежня зьехаў з калёніі ў іншы рэгіён. Ужо тады зьявіліся здагадкі, што, верагодна, яго этапуюць у калёнію асаблівага рэжыму — там зьняволеныя знаходзяцца ў больш жорсткіх умовах. Навальны ў жніўні быў прыгавораны да 19 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі асаблівага рэжыму па абвінавачаньні ў экстрэмісцкай дзейнасьці. Паплечнікі Навальнага выказвалі занепакоенасьць у сувязі з тым, што нічога не ведаюць аб ягоным месцазнаходжаньні. Заклапочанасьць выказваў і дзяржсакратар ЗША.

Пакуль няма падрабязнасьцяў аб абставінах этапаваньня Навальнага ў новую калёнію і ягонага знаходжаньня там.

  • Аляксей Навальны, аўтар шматлікіх расьсьледаваньняў аб карупцыі ў Расеі і крытык Уладзіміра Пуціна, паводле шматлікіх ацэнак найбольш яскравы апанэнт расейскага прэзыдэнта, пазбаўлены волі са студзеня 2021 года, калі ён вярнуўся ў Расею пасьля лячэньня за мяжой, куды яго вывезьлі пасьля атручэньня. У жніўні 2023 года яму вынесьлі новы прысуд — 19 гадоў калёніі асобага рэжыму па абвінавачаньні ў стварэньні і фінансаваньні экстрэмісцкай супольнасьці. Навальны лічыць сябе невінаватым, а прысуд — палітычна матываваным. Праваабарончыя арганізацыі прызналі яго палітвязьнем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG