Улады Ўкраіны, якая цярпіць ад разьвязанай Расеяй вайны, заявілі, што ўкраінцы хочуць «жыць сваім жыцьцём са сваімі традыцыямі і сьвятамі», «адмовіцца ад расейскай спадчыны навязваньня сьвяткаваньня Калядаў 7 студзеня».
1 верасьня 2023 году дзьве вядучыя цэрквы Ўкраіны — Праваслаўная царква Ўкраіны (ПЦУ) і Ўкраінская грэка-каталіцкая царква (УГКЦ) — афіцыйна перайшлі на новы царкоўны каляндар.
З гэтага часу ПЦУ і УГКЦ будуць сьвяткаваць Раство не 7 студзеня, як раней, а 25 сьнежня. Сьвята Пакрова будзе не 14-га, а 1 кастрычніка. Гэта значыць, сталыя сьвяточныя даты пераносяцца на 13 дзён раней.
Раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сваім указам ухваліў перанос сьвяткаваньня Раства.
Абедзьве царквы цяпер выкарыстоўваюць новаюльянскі каляндар, які супадае з грыгарыянскім.
Парафіянам, якія яшчэ не гатовыя перайсьці на новаюльянскі каляндар, далі двухгадовы пераходны пэрыяд.
Большасьць праваслаўных цэркваў сьвету перайшлі на новаюльянскі каляндар 100 гадоў таму падчас Усеправаслаўнага зьезда, які прайшоў у Канстанцінопалі ў траўні 1923 года.
Юліянскі каляндар, які адстае ад сьвецкага на 13 дзён, працягваюць выкарыстоўваць Расейская, Беларуская (у падпарадкаваньні Маскоўскага патрыярхату), Грузінская, Сэрбская і Македонская праваслаўныя цэрквы, а таксама Іерусалімскі патрыярхат.
Беларуская праваслаўная парафія Вільні, якая адносіцца да Сусьветнага патрыярхату, упершыню будзе адзначаць Каляды паводле новаюльянскага календара — 25 сьнежня, а не 7 студзеня.