Лінкі ўнівэрсальнага доступу

New York Times: Пуцін пасылае сыгналы, што гатовы да перамоваў аб «замарозцы» вайны, яму ня вераць


Уладзімір Пуцін, сьнежань 2023
Уладзімір Пуцін, сьнежань 2023

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін гатовы да перамоваў аб спыненьні агню ў вайне з Украінай на аснове «замарозкі» канфлікту па цяперашняй лініі фронту.

Аб гэтым піша газэта The New York Times. Яна спасылаецца на крыніцы: двух былых высокапастаўленых расейскіх прадстаўнікоў, якія захоўваюць сувязі з Крамлём, а таксама афіцыйных асобаў з ЗША і іншых краін, якія атрымлівалі адпаведныя прапановы ад эмісараў Пуціна. Па імёнах гэтыя крыніцы не названыя.

Афіцыйна Масква не адмаўлялася ад названых Пуціным 24 лютага 2022 года мэтаў так званай спэцыяльнай ваеннай апэрацыі так у расеі называюць вайну), у лік якіх уваходзяць адрынаньне Данбаса ад Украіны і так званыя дэнацыфікацыя і дэмілітарызацыя. Аб нязьменнасьці сваіх «мэтаў СВА» заявіў сам Пуцін на прэс-канфэрэнцыі 14 сьнежня.

Аднак, як паведамляе The New York Times, яшчэ ў верасьні мінулага года, пасьля пасьпяховага контрнаступленьня Ўкраіны, Пуцін пачаў зандаваць глебу адносна магчымага замірэньня са спыненьнем баявых дзеяньняў на бягучай лініі фронту. З лістапада мінулага года, калі Расея здала Херсон, лінія фронту зьмянілася нязначна — расейскія войскі занялі Бахмут, украінскія нязначна прасунуліся на поўдні.

Як піша газэта са спасылкай на не званых па імені расійскіх прадстаўнікоў, знаёмых з сытуацыяй у Крамлі, Пуцін імкнецца «зьнізіць рызыкі» і гатовы да розных шляхоў выхаду з вайны, якая доўжыцца даўжэй, чым ён плянаваў. Сьцьвярджаецца, што ў выпадку заключэньня замірэньня на абазначаных умовах Пуцін гатовы заявіць аб «перамозе» нават без дасягненьня «мэтаў СВА».

Шэраг амэрыканскіх прадстаўнікоў адзначаюць, што ня ўпэўненыя ў шчырасьці Пуціна. Таксама суразмоўцы New York Times адзначаюць, што расейскі лідэр у выпадку посьпехаў на полі бою можа адмовіцца ад ідэі спыненьня агню.

«Ён сапраўды хоча спыніцца на цяперашніх пазыцыях. Ён не хоча адступіць ні на адзін мэтар», — прыводзіць выданьне словы аднаго з суразмоўцаў.

Пры гэтым, як сьцьвярджаецца, Пуцін гатовы не настойваць на патрабаваньні аб адмове ад уступленьня Ўкраіны ў NATO, паколькі, як ён перакананы, Украіну туды ўсё роўна не прымуць (пры гэтым менавіта магчымае далучэньне Ўкраіны да NATO называлася ў Маскве адной з прычын уварваньня 24 лютага).

Газэта адзначае, што незразумела, ці гатовая Ўкраіна пайсьці на такія ўмовы. Афіцыйна Кіеў называе ўмовай перамоваў з Расеяй толькі поўную выснову войскаў з міжнародна прызнанай тэрыторыі краіны, уключаючы Крым, анэксаваны ў 2014 годзе. Крыніцы The New York Times сумняюцца, што ва ўкраінскім кіраўніцтве пагодзяцца пакінуць каля 20% украінскай тэрыторыі пад кантролем Расеі, няхай і без фармальнага прызнаньня анэксіі.

Расея, у сваю чаргу, афіцыйна лічыць сваёй тэрыторыяй, акрамя Крыма, яшчэ 4 вобласці Ўкраіны, ні адна з якіх поўнасьцю не кантралюецца расейскімі войскамі. Так, пад кантролем Украіны застаюцца абласныя цэнтры — Херсон і Запарожжа.

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў у адказ на запыт The New York Times адказаў:

«Канцэптуальна, тыя тэзісы, якія вы прадставілі, няслушныя».

Па словах Пяскова, Пуцін гатовы да перамоваў, але на ўмовах Расеі.

У артыкуле зазначаецца, што з канца верасьня заходнія прадстаўнікі пачалі атрымліваць ад Расеі шматлікія сігналы аб зацікаўленасьці Пуціна ў спыненьні агню. Ідэальным для Пуціна часам для магчымага заключэньня замірэньня называецца пэрыяд да прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. Яны пройдуць у сакавіку.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG