Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны Ўкраіны заявіў, што будуць прызываць у войска грамадзян за мяжой. У міністэрстве пазьней заявілі, што такога не плянуюць


Рустэм Умераў
Рустэм Умераў

Міністар абароны Ўкраіны Рустэм Умераў заявіў аб плянах прызываць з запасу на вайсковую службу ўкраінцаў, якія знаходзяцца за мяжой.

Яго словы прыводзіць нямецкае выданьне Bild. Аднак пазьней прадстаўнік украінскага Міністэрства абароны паведаміў, што мэханізмы прызыву з-за мяжы не абмяркоўваюцца.

Паводле словаў Умерава, украінцы ва ўзросьце ад 25 да 60 гадоў, якія пражываюць цяпер у Нямеччыне або ў іншых краінах, «павінныя атрымаць позву з патрабаваньнем» зьявіцца ў прызыўныя пункты Ўзброеных сілаў Украіны. «Мы хочам справядлівасьці для ўсіх, таму што гаворка ідзе аб нашай уласнай краіне. Мы адправім ім позву, — цытуе яго Bild. — Выступаць за сваю краіну і служыць ёй — гэта не пакараньне. Гэта гонар».

Тым, хто ня прыйдзе ў прызыўныя пункты па позве, кіраўнік Мінабароны Украіны, як сьцьвярджаецца, прыгразіў санкцыямі, але адзначыў, што гэтае пытаньне яшчэ абмяркоўваецца.

Начальнік упраўленьня друку і інфармацыі Мінабароны Іларыён Паўлюк сказаў выданьню Babel, што Bild недакладна расставіў акцэнты ў інтэрвію Умерава. Паводле словаў Паўлюка, у цэлым міністар гаварыў з журналістамі аб прызыве і неабходнасьці данесьці да ўкраінцаў за мяжой, наколькі важна для іх ісьці ў армію. Абмеркаваньня мэханізмаў прызыву ў шыхты Узброеных сілаў з-за мяжы на парадку дня няма, дадаў ён.

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі раней паведаміў, што ўкраінскія вайскоўцы праінфармавалі яго пра неабходнасьць дадаткова мабілізаваць у шэрагі ЎСУ да паўмільёна чалавек. «Яны зьвярнуліся наконт дэфіцыту асабовага складу і прапанавалі мабілізаваць дадаткова 450–500 тысяч чалавек. Гэта вельмі сур’ёзная лічба, я сказаў, што мне трэба больш аргумэнтаў», — сказаў Зяленскі.

Прэзыдэнт Украіны адзначыў, што ня ўбачыў у прадстаўленым яму пляне пункту аб дэмабілізацыі, гэта значыць ратацыі тых байцоў УСУ, якія знаходзяцца на фронце з пачатку шырокамаштабнага ўварваньня расейскай арміі. Акрамя таго, застаецца адкрытым пытаньне аб тым, адкуль узяць сродкі на гэтую дадатковую мабілізацыю, якая, па словах прэзыдэнта Ўкраіны, абыйдзецца бюджэту ў 500 млрд грыўняў (амаль $ 13,4 млрд).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG