24-гадовы грамадзянін Расеі Антон Лысаў, асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі за дзеяньні на тэрыторыі Беларусі, быў вызвалены з калёніі ўвосень 2023 году і экстрадаваны ў Расею з прычыны згоды ваяваць на баку РФ, паведаміў тэлеграм-канал праваабаронцаў dissidentby.
Праваабаронцы ўдакладняюць, што атрымалі гэтую інфармацыю ад былых зьняволеных і пацьвердзілі яе зь іншых крыніц. Радыё Свабода пакуль ня можа пацьвердзіць ці абвергнуць гэтую інфармацыю.
Антон Лысаў — грамадзянін Расеі, жыў у Чабаксарах. Ён сірата, са сваякоў у яго толькі старая бабуля. Прыехаў у Беларусь у кастрычніку 2021 году.
Антона Лысава і Захара Таразевіча затрымалі 1 кастрычніка 2021 году, неўзабаве пасьля падпалу аўтамабіля старшыні Камітэту судовых экспэртызаў генэрала Аляксея Волкава, праз абвінавачаньне ў «тэрарызьме». Потым, аднак, іх дзеяньні перакваліфікавалі. У выніку, іх абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 («Замах на наўмыснае зьнішчэньне чужой маёмасьці») і ч. 3 арт. 218 («Наўмыснае зьнішчэньне і пашкоджаньне чужой маёмасьці, зьдзейсьненае агульнанебясьпечным спосабам, арганізаванай групай, якое пацягнула прычыненьне шкоды ў асабліва буйным памеры») Крымінальнага кодэксу Беларусі.
У лістападзе 2022 году менская судзьдзя Тацяна Акавітая прысудзіла Антону Лысаву 10 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
Як пісала «Наша ніва» ў траўні, Антон Лысаў, які адбываў пакараньне ў «Віцьбе», папраўчай калёніі № 3, яшчэ раней пісаў заяву на імя Яўгенія Прыгожына з просьбай узяць яго ў ПВК «Вагнэр» на вайну з Украінай, каб вызваліцца такім чынам зь беларускай калёніі.