Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Расеі адмовілася абмежаваць тэрмін службы мабілізаваных на вайну ва Ўкраіне адным годам


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства абароны Расеі адмовілася абмежаваць тэрмін службы мабілізаваных адным годам і паведаміла, што прызваныя вайскоўцы будуць знаходзіцца на службе да заканчэньня вайны.

Так ведамства адказала на запыт дэпутата Заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбурга Барыса Вішнеўскага. Зварот Вішнеўскі напісаў пасьля таго, як да яго калектыўна зьвярнуліся жонкі мабілізаваных. Яны прасілі ўнесьці зьмены ў заканадаўства і абмежаваць тэрмін службы па мабілізацыі адным годам.

У адказ ведамства паведаміла, што «тэрмін вайсковай службы грамадзян, прызваных па мабілізацыі, заканчваецца пасьля завяршэньня пэрыяду частковай мабілізацыі на падставе ўказу прэзыдэнта». Абмежаваць тэрмін службы па мабілізацыі ў Мінабароны лічаць «немэтазгодным».

Днём раней Шойгу заявіў, што з 1 сьнежня Мінабароны Расеі прыступіла да выкананьня даручэньня Ўладзіміра Пуціна па нарошчваньні колькасьці расейскай арміі да 1 мільёна 320 тысяч чалавек. «Сувымерна вонкавым пагрозам колькасьць Узброеных сіл у далейшым будзе даведзеная да паўтара мільёна вайскоўцаў», — падкрэсьліў Шойгу.

  • Частковая мабілізацыя ў Расеі пачалася ў верасьні 2022 году. Ужо ў канцы кастрычніка прэзыдэнт Пуцін заявіў аб яе завяршэньні. Пры гэтым ён не падпісваў указ аб спыненьні мабілізацыі, заявіўшы, што ў гэтым няма неабходнасьці. Праваабаронцы ўказваюць на тое, што адсутнасьць указу дазваляе ўладам не адпускаць мабілізаваных са службы.
  • У верасьні старшыня камітэту абароны Дзярждумы Андрэй Картапалаў заявіў, што ня будзе ратацыі мабілізаваных, а гэта значыць, што прызваныя падчас мабілізацыі таксама будуць абавязаныя знаходзіцца ў зоне ваенных дзеяньняў да іх заканчэньня. Гэта выклікала рэзкую крытыку з боку шматлікіх груп родных і блізкіх мабілізаваных, якія рэгулярна зьвяртаюцца да ўладаў з просьбамі вярнуць вайскоўцаў з фронту.
  • У лістападзе ў мэсэнджарах зьявіўся рух пад назвай «Шлях дадому». Жонкі мабілізаваных апублікавалі маніфэст і пэтыцыю супраць бестэрміновай мабілізацыі. Пасьля стала вядома, што мабілізаваным сталі пагражаць з прычыны актыўнасьці іх жонак, прадстаўнікоў руху.
  • 14 сьнежня падчас прамой лініі Ўладзімір Пуцін паведаміў, што ў 2022 годзе ў рамках частковай мабілізацыі было прызвана 318 тысяч чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG