Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонкі расейскіх мабілізаваных расказалі, што ФСБ пагражае іхным мужам паслаць на штурм


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Жонкі мабілізаваных расейцаў падзяліліся ў чаце руху «Шлях дадому», што да іхных мужоў на перадавой пачалі прыходзіць супрацоўнікі ФСБ з допытамі і пагрозамі.

Заяву сваячак апублікаваў тэлеграм-канал руху «Путь домой». У ёй гаворыцца, што да сваякоў актыўных удзельніц каналу, якія знаходзяцца на фронце ва Ўкраіне, пачалі «сыстэматычна» прыходзіць супрацоўнікі ФСБ Расеі. Яны, як сьцьвярджаецца, выклікаюць мабілізаваных на допыт, забіраюць тэлефоны, вывучаюць інфармацыю пра іхных жонак.

«Сьледам паступаюць пагрозы накшталт „запішы відэа, што тут вас усё задавальняе, або мы цябе адправім у штурм без зваротнага білета“. Альбо патрабуюць перадаць жонцы, каб яна заткнулася», — гаворыцца ў заяве.

Жонкі мабілізаваных паабяцалі «міжнародную агалоску», калі зь іх мужамі нешта адбудзецца: на іх «выпадкова ўпадзе снарад» ці «выпадкова выйдзе так, што яны апынуцца ў штурме».

«Усе будуць ведаць, хто гэта зрабіў. Мы дамо міжнародную агалоску вашым злачынствам... Навошта нам прэзыдэнт, які робіць выгляд, што нас няма? Які жыве толькі ў цалкам падкантрольным яму тэлевізары?» — гаворыцца ў заяве.

  • Раней у чаце жонак мабілізаваных склалі маніфэст і пэтыцыю супраць бестэрміновай мабілізацыі, запусьцілі аўтамабільны флэшмоб і спрабуюць арганізаваць акцыі. Мітынгі ўлады ўзгадняць адмаўляюцца.
  • 18 сьнежня сваячкі мабілізаваных зьвярнуліся ў канале да Ўладзіміра Пуціна са словамі: «Дайце нам жыць спакойна. Або ідзіце на фронт самі і памрыце самі».
  • Мэсэнджар Telegram пазначыў канал «Путь домой» і рэгіянальныя чаты жонак мабілізаваных значком «фэйк». Адміністратары канала заявілі, што лічаць тое, што адбылося, скаардынаваным нападам расейскага прапагандыста Ўладзіміра Салаўёва.
  • Больш за год таму ўлады Расеі аб’явілі так званую частковую мабілізацыю на вайну з Украінай. Паводле афіцыйных зьвестак, тады ў войска прызвалі каля 300 тысяч чалавек. Указ аб мабілізацыі працягвае дзейнічаць да гэтага часу.
  • У верасьні старшыня камітэту абароны Дзярждумы Андрэй Картапалаў заявіў, што ратацыі мабілізаваных ня будзе, а гэта значыць, што прызваныя па мабілізацыі таксама будуць абавязаныя знаходзіцца ў зоне ваенных дзеяньняў да іх заканчэньня.
  • Гэта выклікала рэзкую крытыку з боку шматлікіх групаў родных і блізкіх мабілізаваных, якія рэгулярна зьвяртаюцца да ўладаў з просьбамі вярнуць вайскоўцаў з фронту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG