Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хто працаваў на эўрапейскім кантракце, на беларускі завод ня пойдзе». Што думаюць ІТ-спэцыялісты аб прапановах ад дзяржавы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы завабліваюць ІТ-спэцыялістаў заробкамі да 4000 рублёў. Спыталі спэцыялістаў, ці пойдуць яны туды.

Беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы таксама шукаюць ІТ-спэцыялістаў. Заробкі для такіх кадраў вышэйшыя, чым для звычайных інжынэраў. Напрыклад, распрацоўніку на Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце гатовыя плаціць больш за 2500 рублёў.

Патрабуюць веданьне асноваў Linux, навыкі працы з сэрвэрамі. Таксама трэба ведаць ангельскую мову на такім узроўні, каб чытаць тэхнічную літаратуру.

Шклозавод «Нёман» шукае распрацоўніка праграмнага забесьпячэньня. Чым канкрэтна трэба будзе займацца, у вакансіі не гаворыцца. Магчымая нават дыстанцыйная праца, прапануюць да 3000 рублёў заробку на месяц.

Вядучаму інжынэру-праграмісту зь веданьнем С/С++ і Assembler, а таксама тэхнічнай ангельскай мовы, прапануюць да 2600 рублёў на заводзе «Інтэграл». Абяцаюць нават інтэрнат. Патрабуюць досьвед працы ад 3 гадоў і вышэйшую адукацыю.

Адзін з самых высокіх прапанаваных заробкаў сярод дзяржаўных арганізацый для ІТ-спэцыяліста ў «Навукова-вытворчым цэнтры шматфункцыянальных бесьпілётных комплексаў» Акадэміі навук Беларусі. Шукаюць вядучага інжынэра-праграміста зь веданьнем С++, Git, QT. Гатовыя плаціць да 4000 рублёў на месяц.

Гэта высокія заробкі?

Сярэдні мэдыянны заробак у ІТ як на праектах унутры Беларусі, так і за мяжой, паводле дадзеных парталу Dev.by, — 5670 рублёў, ці 1800 даляраў. Сярэдні заробак яшчэ вышэйшы, але мэдыянны дакладней паказвае сытуацыю з кадрамі без уліку мэнэджарскага пэрсаналу.

Гэта на 530 даляраў больш, чым самы высокі заробак, які прапануюць дзяржаўныя арганізацыі.

Згодна зь Белстатам, сярэдні заробак у сфэры ІТ у кастрычніку гэтага году склаў 6893 рублі. Гэта на 42% больш, чым найвышэйшы заробак для ІТ-спэцыялістаў у навукова-вытворчым цэнтры шматфункцыйных бесьпілётных комплексаў ад Акадэміі навук.

«Людзі бяз досьведу могуць пайсьці»

Свабода пагаварыла з ІТ-спэцыялістамі, якія працуюць як у Беларусі, так і за мяжой. Адзін з супрацоўнікаў сфэры зазначае, што «празь няхватку працы ў ІТ на такія вакансіі могуць пайсьці людзі бяз досьведу». Аднак, «калі чалавек ужо працаваў на эўрапейскім праекце, ён на такія вакансіі ня пойдзе». Заробкі, якія прапаноўваюць дзяржаўныя прадпрыемствы, суразмоўцы называюць «зусім не высокімі».

Яшчэ адзін праграміст, які выехаў зь Беларусі і працуе за мяжой, гаворыць, што «рынак перапоўнены кадрамі і па досьвед ідуць працаваць нават бясплатна». Аднак, калі ёсьць досьвед хаця б год, то гэта ўжо заробак, большы за тысячу даляраў, з павышэньнем кожныя паўгода, кажа суразмоўца.

Зь пералічаных вакансій ад дзяржаўных прадпрыемстваў больш за тысячу даляраў выходзіць толькі на адной вакансіі — зноў жа ў цэнтры бесьпілётнікаў НАН Беларусі.

Аднак, «калі заробкі былі б вышэйшыя, то хтосьці мог бы пагадзіцца», — сказаў у размове са Свабодай яшчэ адзін праграміст.

Іншы ІТ-спэцыяліст расказаў, што нават з выпускнікамі ўнівэрсытэтаў у заводаў могуць узьнікнуць складанасьці, бо «ўсе ўжо зь сярэдніх курсаў шукаюць працу».

Паводле суразмоўцы, праблема дзяржаўных арганізацый у тым, што «там няма магчымасьці расьці і заробак не мяняецца гадамі». А таксама «кепскае стаўленьне з боку начальства». Таму на такую працу проста не пайшоў бы нават з больш высокім заробкам.

Сярод сямі ІТ-спэцыялістаў, зь якімі мы гаварылі, ніхто б не пагадзіўся ісьці на беларускае дзяржаўнае прадпрыемства цяпер, бо «там свая спэцыфіка».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG