Міністар падкрэсьліў, што Вялікая Брытанія ёсьць адным з найбуйнейшых партнэраў і хаўрусьнікаў Украіны. Ён падзякаваў за перададзеную зброю, якая дазволіла Ўкраіне выстаяць у першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня Расеі, а таксама дазваляе вызваляць украінскія землі і сёньня.
Паводле Ўмерава, задача Міністэрства абароны налета — лякалізаваць вытворчасьць зброі ва Ўкраіне. Ён заклікаў брытанскія абаронныя прадпрыемствы выкарыстоўваць магчымасьць баявых выпрабаваньняў узораў, а таксама хуткую зваротную сувязь ад украінскіх вайскоўцаў для празрыстай і эфэктыўнай супрацы з украінскімі вытворцамі.
«Мы зацікаўленыя ў наўпроставых угодах з брытанскімі вытворцамі, гатовыя заключаць доўгатэрміновыя кантракты», — сказаў міністар.
На наступны год ў артыкуле бюджэту «ўзбраеньне, вайсковая тэхніка і боепрыпасы» для Ўзброеных сілаў прадугледжана 255 мільярдаў грыўняў (каля 6 мільярдаў даляраў у эквіваленце).
Днямі прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што без дапамогі саюзьнікаў Украіне давядзецца змагацца з Расеяй самастойна, як у пачатку поўнамаштабнага ўварваньня.
На працягу поўнамаштабнай вайны Расеі з Украінай украінскія войскі залежалі ад кааліцыі краінаў пад кіраўніцтвам ЗША, якія давалі зброю і дзясяткі мільярдаў даляраў эканамічнай і сацыяльнай дапамогі. Цяпер паток амэрыканскай дапамогі блізкі да вычарпаньня — калі толькі Кангрэс ЗША не падтрымае прапановаў прэзыдэнта Байдэна.