Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве заявілі, што кантроль за выкарыстаньнем разьмешчанай у Беларусі ядзернай зброі застаецца за Расеяй. Лукашэнка казаў іначай


Будынак МЗС Расеі. Архіўнае фота
Будынак МЗС Расеі. Архіўнае фота

МЗС Расеі апублікавала даведку аб супрацы зь Беларусьсю ў вайсковай сфэры, у тым ліку і адносна ядзернай зброі.

У даведцы МЗС Расеі, падрыхтаванай да сумеснага пасяджэньня калегій замежнапалітычных ведамстваў дзьвюх краін, якое праходзіць 15 сьнежня ў Маскве, заяўлена, што рашэньне Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі разьмясьціць у Беларусі расейскую тактычную ядзерную зброю нібыта стала «скаардынаваным адказам на эскаляцыю пагроз з боку дзяржаў – чальцоў NATO, якія працягваюць сьцягваць істотныя баявыя сілы да заходніх межаў саюзнай дзяржавы», піша Позірк.

У той жа час у дакумэнце напісана, што «прынцыповае значэньне ў пляне захаваньня існых міжнародных абмежаваньняў аб нераспаўсюджаньні ядзернай зброі мае той факт, што кантроль за выкарыстаньнем ядзернай зброі застаецца за Расеяй».

У дакумэнце згадваюць пра дзейнасьць так званай «сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў, у тым ліку пра маштабныя сумесныя вучэньні: у студзені 2023 году, калі ў Беларусі прайшлі лётна-тактычныя вучэньні; у верасьні ў Расеі — манэўры «Шчыт Саюзу – 2023».

Беларуска-расейскія вучэньні 2021–2022 году скончыліся ўварваньнем расейскага войска ва Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі.

Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што можа сам распараджацца расейскай ядзернай зброяй на беларускай тэрыторыі. У прыватнасьці, 16 жніўня 2023 года ў інтэрвію прарасейскай украінскай журналістцы Дыяне Панчанка ён прыгразіў «імгненна прымяніць» ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі, якую, на яго думку, могуць ажыцьцявіць краіны NATO і Ўкраіна.

  • 25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі.
  • У МЗС Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўразьвязу».
  • 13 чэрвеня Лукашэнка ў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Скабеевай заявіў, што частку ядзернай зброі ўжо даставілі з РФ у Беларусь. Таксама Лукашэнка заявіў СМІ, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі.
  • Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што гатовы «неадкладна і без ваганьняў» прымяніць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі. Раней Расея неаднаразова зьняпраўджвала заявы Лукашэнкі пра кантроль над ядзернай зброяй у Беларусі, заяўляючы, што ахоўваць зброю і прымаць усе рашэньні аб ёй будзе Масква.
  • 16 чэрвеня прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі на тэрыторыю Беларусі, а рэшту перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне.

Пляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае

25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».

Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.

У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».

Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.

Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.

Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:

«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.

Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.

16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».

Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».

9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.

13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.

19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.

Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG