Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прадэманстраваў значную ўпэўненасьць у публічным абмеркаваньні вайны Расеі супраць Украіны, але ня вызначыў дакладна канчатковыя мэты расейскага ўварваньня, заяўляюць аналітыкі амэрыканскага Інстытута вывучэньня вайны (ISW).
«Пуцін прадэманстраваў значную ўпэўненасьць у публічным абмеркаваньні вайны Расеі супраць Украіны падчас штогадовай прэс-канфэрэнцыі і форуму „Прамая лінія“ 14 сьнежня, але ня вызначыў дакладна канчатковую мэту поўнамаштабнага ўварваньня, якое ён пачаў 24 лютага 2022 года», — гаворыцца ў справаздачы.
Аналітыкі адзначаюць, што Пуцін пацьвердзіў свае максымалісцкія мэты расейскай вайны ва Ўкраіне, якія, магчыма, наўмысна непразрыстыя, каб уключыць дадатковыя мэты, якія Пуцін можа перасьледаваць зараз ці пазьней.
«Гэтыя максымалісцкія мэты таксама не выключаюць анэксіі Расеяй акупаваных украінскіх тэрыторый ці дадатковых тэрытарыяльных заваёў. Пуцін паспрабаваў рытарычна кантэкстуалізаваць далейшыя максымалісцкія мэты Расеі ва Ўкраіне ў рамках шырэйшай канцэпцыі расейскага „сувэрэнітэту“ — ідэалягічнай лініі, пасьлядоўнай у фармуляваньні Крамлём расейскай нацыянальнай бясьпекі і замежнай палітыкі яшчэ да поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну», — дадаецца ў справаздачы.
У ISW зьвяртаюць увагу, што асобна Пуцін закрануў тактычную і апэратыўную сытуацыю на левабярэжжы Херсоншчыны, але ўстрымаўся ад абмеркаваньня актыўных наступальных апэрацый Расеі на ўсходзе Ўкраіны. Пуцін прызнаў апэрацыі Расеі з мэтай адбіць украінскія сілы ад Крынак (30 км на паўночны ўсход ад Херсона і 2 км ад ракі Дняпро), але назваў няздольнасьць расейскіх войскаў адкінуць украінскія сілы тут «апэрацыяй з мэтай мэтанакіраванага перавабліваньня».
Аналітыкі Інстытут вывучэньня вайны лічаць, што акцэнт Пуціна на тактычнай сытуацыі каля Крынак і ягонае рашэньне не абмяркоўваць любога іншага сэктару лініі фронту могуць адлюстроўваць яго адчувальнасьць да нэўралгіі расейскай інфармацыйнай прасторы, якая працягваецца ў дачыненьні да расейскіх апэрацый на ўсходнім беразе Херсонскай вобласьці.
На днях выведка Брытаніі паведаміла, што ў пачатку сьнежня новая 104-я гвардзейская паветрана-дэсантная дывізія РФ з высокай верагоднасьцю панесла надзвычай вялікія страты і ня выканала пастаўленых задач падчас свайго баявога дэбюту на Херсоншчыне. Паводле зьвестак выведкі, апэрацыя адбылася пасьля далучэньня дывізіі да Дняпроўскай групоўкі расейскіх войскаў і спробы выбіць украінскі пляцдарм ля вёскі Крынкі на ўсходнім беразе Дняпра.