Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Японія пашырае санкцыі за ўварваньне ва Ўкраіну


Цэнтар Токіё, ілюстрацыйнае фота
Цэнтар Токіё, ілюстрацыйнае фота

У санкцыйным сьпісе Японіі застаюцца 27 беларускіх арганізацый.

У пятніцу Японія абвясьціла аб пашырэньні санкцый у сувязі з уварваньнем Масквы ва Ўкраіну, выкрыўшы дзясяткі фірмаў і іншых арганізацый, якія нядаўна трапілі пад санкцыі, уключаючы забарону на экспарт некаторых кампаній, якія знаходзяцца па-за межамі Расеі і яе саюзьніцы Беларусі, піша AFP.

Токіё дадаў у санкцыйны сьпіс 57 арганізацый у Расеі і шэсьць іншых у краінах, у тым ліку Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Армэнію, Сырыю і Ўзбэкістан, гаворыцца ў заяве Міністэрства гандлю.

З дапаўненьнямі Японія ўвяла забарону на экспарт у дачыненьні да 494 расейскіх арганізацый, 27 беларускіх арганізацый і яшчэ шасьці ў іншых краінах.

У абноўленых сьпісах абмежавальных мер гэтыя зьмены былі адлюстраваныя. Дадаткова ўрад Японіі апублікаваў агляд санкцый, якія былі ўведзены раней за агрэсію Расеі супраць Украіны. Там указаныя і ранейшыя абмежавальныя меры супраць Беларусі:

  • Замарожваньне актываў чатырох банкаў Беларусі і іх даччыных кампаній у Японіі (Белаграпрамбанк, Банк Дабрабыт, Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь і Белінвестбанк).
  • Прыпыненьне выдачы віз у Японію для некаторых асоб
  • Увядзенне санкцый, якія ўключаюць замарожваньне актываў нектаорых асоб, уключаючы Лукашэнку.
  • Увядзеньне санкцый на экспарт у адрас структур Беларусі, зьвязаных з вайсковай дзейнасьцю, у тым ліку на пастаўку тавараў падвойнага прызначэньня.

Большая частка гэтых абмежаваньняў была ўведзена ў дачыненьні да беларускіх юрыдычных і фізычных асоб яшчэ ў 2022 годзе пасьля таго, як Беларусь стала саўдзельніцай агрэсіі Расеі супраць Украіны.

На Расею абрынулася хваля санкцый пасьля таго, як яна накіравала сілы ва Ўкраіну ў лютым мінулага года, але з боку Кіева і яго саюзьнікаў растуць заклікі да больш жорсткіх дзеяньняў супраць Масквы.

Токіё ўжо замарозіў актывы расейскіх асоб і груп і забараніў экспарт тавараў расейскім вайсковым арганізацыям, а таксама экспарт будаўнічых і інжынэрных паслуг.

Новыя санкцыі набудуць моц 22 сьнежня для новых расейскіх арганізацый і 27 сьнежня для іншых арганізацый.

На саміце «Вялікай сямёркі» ў Японіі ў траўні лідэры блёка пагадзіліся «пазбавіць Расею тэхналёгій G7, прамысловага абсталяваньня і паслуг, якія падтрымліваюць яе ваенную машыну».

Злучаныя Штаты, Вялікая Брытанія і Эўрапейскі зьвяз увялі жорсткія санкцыі супраць Расеі за яе ўварваньне ва Ўкраіну, а таксама аказалі Кіеву вайсковую дапамогу на мільярды даляраў.

  • Пасьля пачатку ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 году Японія ўвяла санкцыі ў дачыненьні да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і найвышэйшых службовых асоб, а таксама пазбавіла Расею статусу найбольшага спрыяньня ў гандлі, замарозіла актывы 15 расейскіх асоб і дзевяці арганізацый, у тым ліку кіраўніка вайсковай выведкі Расеі, намесьнікаў міністра абароны і экспартэра зброі «Рособоронэкспорт». Таксама Японія абʼявіла, што будзе аказваць ваенную і гуманітарную дапамогу Ўкраіне.
  • Расея ўнесла Японію ў сьпіс «недружалюбных краін» і заявіла, што выходзіць з дыялёгу з Японіяй аб наладжваньні сумеснай гаспадарчай дзейнасьці на Паўднёвых Курылах і блякуе падаўжэньне статусу Японіі як партнэра Арганізацыі Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва ў сэктаральным дыялёгу. Прэмʼер-міністар Японіі Фуміё Касіда назваў тады дзеяньні Расеі «неразумнымі і абсалютна непрымальнымі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG