Каля мэрыі Таронта акцыю правялі прадстаўнікі глябальнай сеткі абароны і прасоўваньня свабоды выказваньня думак IFEX. Яны выйшлі з партрэтамі зьняволеных беларускіх журналістаў.
«За апошнія тры гады IFEX стала сьведкам усё больш бязьлітасных нападак на свабоду выказваньня думак і доступ да інфармацыі ў Беларусі. Арганізацыі грамадзянскай супольнасьці былі зьліквідаваныя, праваабаронцы пакінулі краіну, а журналістаў несправядліва садзяць у турму, і няма ніякіх прыкмет запаволеньня», — адзначылі ў камэнтары для БАЖ супрацоўнікі сеткі.
IFEX створана ў 1992 годзе ў Манрэалі, калі няўрадавыя арганізацыі дамовіліся скаардынавана падтрымліваць свабоду выказваньня думак. Сёньня больш за 100 чальцоў сеткі ў больш чым 70 краінах працуюць разам, каб абараняць і папулярызаваць гэтыя каштоўнасьці.
Адным з посьпехаў стала тое, што ААН прызнала 2 лістапада Міжнародным днём спыненьня беспакаранасьці за злачынствы супраць журналістаў.
Удзельнікі акцыі ўзялі ў рукі партрэты Анджэя Пачобута, Марыны Золатавай, Ігара Лосіка, Аляксандра Манцэвіча і іншых калегаў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні.
«Мы сабраліся разам і працягваем праяўляць салідарнасьць з больш чым 30 зьняволенымі журналістамі ў Беларусі, а асабліва з журналісткамі, над якімі, як нам вядома, чыняць гвалт непрапарцыйна высокага ўзроўню», — падкрэсьлілі ўдзельнікі Маратону салідарнасьці.
Прадстаўнікі IFEX спадзяюцца, што гэта дапаможа павысіць дасьведчанасьць і падтрымку з боку міжнароднай супольнасьці, прадэманстраваць важнасьць грамадзянскай прасторы для здаровай і квітучай дэмакратыі, а таксама заахвоціць іншых прыняць удзел у кампаніі і распаўсюдзіць інфармацыю.
БАЖ заклікае падтрымаць акцыю салідарнасьці з увязьненымі беларускімі журналістамі: раздрукаваць партрэты зьняволеных калегаў, сфатаграфавацца зь імі ў пазнавальных месцах (не ў Беларусі) і апублікаваць фота ў сацыяльных сетках з пазнакамі #СвабодуЖурналістам і #BecauseTheJournalist, а таксама даслаць на адрас office@baj.media ці intercomm@baj.media.