Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне другі дзень ня могуць аднавіць дзейнасьць апэратара «Київстар». Расейскія хакеры заявілі, што атакавалі яны


Згенэраваная штучным інтэлектам ілюстрацыя расейскіх хакераў
Згенэраваная штучным інтэлектам ілюстрацыя расейскіх хакераў

Раніцай 13 сьнежня расейская хакерская група «Солнцепёк» заявіла аб сваёй адказнасьці за атаку на ўкраінскага мабільнага апэратара.

У кампаніі «Київстар», якая 12 сьнежня пацярпела ад моцнай хакерскай атакі, паведамілі аб частковым аднаўленьні паслугаў фіксаванай сувязі.

«Цяпер спэцыялісты працуюць над аднаўленьнем іншых паслугаў і зробяць усё магчымае, каб канчаткова завершыць гэтую працу 13 сьнежня. Аднаўленьне сэрвісаў будзе адбывацца паступова», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні кампаніі.

Раніцай 13 сьнежня расейская хакерская група «Солнцепёк» заявіла аб сваёй адказнасьці за атаку на ўкраінскага мабільнага апэратара. Расейскія хакеры сьцьвярджаюць, што «зьнішчылі 10 тысяч кампутараў, больш за 4 тысячы сэрвэраў, усе сыстэмы захоўваньня зьвестак у „аблоках“, а таксама рэзэрвовага капіяваньня».

Хакеры патлумачылі сваю атаку на «Київстар» тым, што гэтая кампанія забясьпечвае сувязьзю Ўзброеныя сілы Ўкраіны. У якасьці доказаў яны апублікавалі здымкі скрадзеных пэрсанальных зьвестак кліентаў украінскай кампаніі, і паведамілі, што ім нібыта дапамаглі «неабыякавыя супрацоўнікі» кампаніі «Київстар».

У Службе бясьпекі Ўкраіны заявілі, што кваліфікуюць гэтыя дзеяньні расейскіх хакераў «як чарговае ваеннае злачынства». Згодна з афіцыйным паведамленьнем украінскай спэцслужбы, гэтая хакерская група зьяўляецца «падразьдзелам» Галоўнага выведнага ўпраўленьня Расеі.

Раней гэтая хакерская групоўка неаднаразова атакавала сайты дзяржаўных устаноў і банкаў Украіны, а таксама ўкраінскіх СМІ.

У выніку атакі ў некаторых украінскіх гарадах не працавала сыстэма апавяшчэньня паветраных трывогаў. Расейскія войскі ў ноч на 13 сьнежня зноў інтэнсіўна абстралялі ўкраінскую сталіцу і Адэскую вобласьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG