Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзянам Беларусі, якія ня плацяць падаткаў, хочуць скараціць сацыяльную падтрымку і мэдычнае абслугоўваньне


Акцыя пратэсту супраць ад «дармаедзкага» падатку ў Гомлі, 2017
Акцыя пратэсту супраць ад «дармаедзкага» падатку ў Гомлі, 2017

Зьявіўся новы законапраект, датычны так званых «дармаедаў».

Як стала вядома «Люстэрку», у «дармаедзкія» камісіі пры райвыканкамах паступіў праект закону, які значна абмяжуе магчымасьці тых, хто не выплачвае падаткаў у бюджэт Беларусі.

Дакумэнт праходзіць пад грыфам «для службовага карыстаньня», але «Люстэрку» стала вядома, што зьмены тычацца крытэраў, паводле якіх людзі лічацца «занятымі ў эканоміцы», і аб’ёму сацыяльных паслуг.

Цяпер занятымі ў эканоміцы лічацца індывідуальныя прадпрымальнікі, але сума падаткаў, якую ім трэба плаціць, не прапісаная. Такім чынам, нават тыя ІП, якія не аплочваюць падаткаў, адносяцца да «занятых у эканоміцы» і плацяць за камунальныя паслугі па льготных тарыфах.

Цяпер льготу па камунальных тарыфах маюць і тыя, хто вырошчвае на сваім прысядзібным участку прадукцыю для продажу. Каб пацьвердзіць гэты факт, дастаткова было даведкі ад сельсавета. Магчыма, такіх людзей не будуць прызнаваць занятымі ў эканоміцы і ім таксама прыйдзецца плаціць поўны кошт камунальных паслуг, паведамляе «Люстэрка».

Таксама да «Люстэрка» прыйшла інфармацыя, што тыя, хто трапіў у базу «дармаедаў», то бок не занятых у эканоміцы, будуць абмежаваныя ў бясплатных мэдыцынскіх паслугах. На бясплатнай аснове ім будзе аказвацца толькі экстраная мэдычная дапамога. Як будзе рэалізавана такая норма закону, пакуль незразумела.

Барацьба з «дармаедамі»

Імкненьне дзяржавы павысіць аб’ёмы падаткаў і паменшыць сацыяльную нагрузку на бюджэт вядомае даўно. Яшчэ ў 2015 годзе Лукашэнка прыняў так званы «дармаедзкі» дэкрэт, які абавязваў усіх незанятых у эканоміцы плаціць падатак.

Тады па краіне прайшоў шэраг акцый пратэсту, людзі не плацілі гэты падатак, і ў 2017 годзе Лукашэнка падпісаў новы варыянт дэкрэту, якім вызваліў некаторыя катэгорыі платнікаў ад «дармаедзкага» падатку. Але людзі зноў гэты падатак не плацілі, і ў 2019 годзе замест «дармаедзкага» падатку ўвялі поўную кампэнсацыю цэнаў на камунальныя паслугі.

Пазьней урад удакладняў, хто зьяўляецца «асобамі, не занятымі ў эканоміцы». Імі з 2022 году прызнаныя і тыя, хто працуе за межамі Беларусі, калі гэта не краіна кЭАЭС. Цяпер, відавочна, сьпіс гэтых асобаў хочуць пашырыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG