Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Армэніі расейская вайсковая паліцыя затрымала расейца, які адмовіўся ваяваць супраць Украіны


Супрацоўнікі расейскай вайсковай паліцыі ў Армэніі, архіўнае фота
Супрацоўнікі расейскай вайсковай паліцыі ў Армэніі, архіўнае фота

Праваабаронцы патрабуюць рэакцыі ад афіцыйнага Ерэвану, яны запатрабавалі вярнуць мужчыну «пад прававую абарону Армэніі».

Супрацоўнікі расейскай вайсковай паліцыі затрымалі ў Армэніі грамадзяніна Расеі Дзьмітрыя Сетракова і даставілі яго на тэрыторыю расейскай вайсковай базы ў горадзе Гюмры. Як паведаміла праваабарончая арганізацыя «Хэльсінкская грамадзянская асамблея — Ванадзор», у Расеі ў дачыненьні Сетракова пачалі крымінальную справу аб самавольным пакіданьні часткі.

Кіраўнік арганізацыі Артур Сакунц у гутарцы з армянскай службай «Радыё Свабода» распавёў, што Сетракоў быў кантрактнікам у Расеі, але пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну пераехаў жыць у Армэнію.

Сакунц даведаўся пра яго затрыманьне ад расейскіх праваабаронцаў, да якіх зьвярнулася жонка Сетракова.

На расейскай вайсковай базе ў Гюмры Сакунцу пацьвердзілі затрыманьне і сказалі, што Сетракоў знаходзіцца пад вартай. На пытаньне, на якой падставе арыштаваны расеец, праваабаронцу адказалі, што «гэта загад прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна арыштаваць усіх такіх „адмоўнікаў“».

«На маё пытаньне, дзе ён будзе адбываць пакараньне, калі суд прызнае яго вінаватым, мне адказалі, што гэта будзе ў Расеі», — дадаў Сакунц.

Праваабаронца падкрэсьліў, што расейская вайсковая паліцыя ня мае права затрымліваць у Армэніі нават грамадзян Расеі, гэта могуць рабіць толькі праваахоўныя органы самой Армэніі (расейскі бок павінен зьвязацца зь імі для пошуку грамадзяніна, які ў вышуку). Праваабаронца назваў дзеяньні расейскай вайсковай паліцыі «нападам на прававую сыстэму Армэніі, на Армэнію як сувэрэнную дзяржаву».

«Хэльсінкская грамадзянская асамблея — Ванадзор» запатрабавала ад улад Армэніі «прыняць усе неабходныя намаганьні для вяртаньня Дзьмітрыя Сетракова пад прававую абарону Рэспублікі Армэнія».

Як адзначае выданьне «Вот так», расейцаў, абвінавачаных у дэзэртырстве або ўхіленьні ад службы ў войску, і раней затрымлівалі ў Армэніі. Але гэта рабілі мясцовыя паліцыянты, і затрыманых адпускалі празь некалькі гадзін.

Тое, што здарылася ў Гюмры, стала першым выпадкам, калі расейскія сілавікі затрымалі зьбеглага вайсковага на тэрыторыі іншай краіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG