Украіна не павінна байкатаваць Алімпіяду ў Парыжы, нягледзячы на допуск да яе спартоўцаў з Расеі і Беларусі ў нэўтральным статусе. Пра гэта ў сваім Facebook напісаў чэмпіён Алімпійскіх гульняў у Токіо, першы намесьнік старшыні камітэта Вярхоўнай Рады па пытаньнях моладзі і спорту Жан Белянюк.
Ён нагадаў, што Ўкраіна ўжо байкатавала спартовыя спаборніцтвы, дзе былі прадстаўленыя «нэўтральныя» расіяне, адразу ж пасьля абвяшчэньня новых рэкамэндацый Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК), і гэты вопыт паказаў яго неэфэктыўнасьць.
«Спартоўцы страцілі магчымасьць атрымаць перамогі для нашай краіны і, што яшчэ больш важна, магчымасьць выкарыстоўваць міжнародныя пляцоўкі для таго, каб даносіць інфармацыю па ўсім сьвеце аб вайне на радзіме, даючы такую магчымасьць расіянам у той жа момант», – адзначыў Белянюк.
У той жа час, на яго думку, Украіне так і не ўдалося сфарміраваць вакол сябе кааліцыю краін-саюзнікаў, якія б гатовыя былі «рэальна далучыцца да байкоту і тым самі істотна ўзмацніць сваю пазыцыю па ціску на МАК. Пры гэтым дэпутат заклікае працягваць ціснуць на МАК і міжнародныя фэдэрацыі па выкананьні іх жа рэкамэндацый.
- 8 сьнежня Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) дапусьціў атлетаў з Расеі і Беларусі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях у нэўтральным статусе і на строгіх умовах. Да Гульняў будуць дапушчаныя спартоўцы, якія здолелі прайсьці кваліфікацыю ў сваіх відах спорту. Ня будуць дапушчаныя беларускія і расейскія спартоўцы, якія актыўна падтрымліваюць баявыя дзеяньні, а таксама маюць кантракты з арміяй ці з сілавымі органамі. Акрамя таго, МАК забараніў дэманстраваць на гульнях дзяржаўныя сьцягі, сымбалі Беларусі і РФ, а таксама адмовіўся запрашаць прадстаўнікоў урадаў дзьвюх краін. У камандных відах спорту беларускія і расейскія і спартоўцы дапушчаныя ня будуць.
- Паводле зьвестак МАК, размова пакуль ідзе пра 11 спартоўцаў, якія могуць выступіць на Алімпіядзе. Сярод іх восем зьяўляюцца ўладальнікамі расейскіх пашпартоў, астатнія – беларускіх.
- Беларускія лёгкаатлеты ня змогуць удзельнічаць у Алімпійскіх гульнях-2024 — міжнародная фэдэрацыя не зьняла забарону.