«Правядзеньне расейскіх выбараў на ўкраінскіх тэрыторыях груба парушае Канстытуцыю і заканадаўства Украіны, нормы і прынцыпы міжнароднага права, у прыватнасьці, Статут ААН. Такі выбарчы працэс, як і астатнія падобныя прапагандысцкія меры ў мінулым, будзе незаконным і нікчэмным», – паведамляе прэс-служба міністэрства.
МЗС зазначае, што «ўключэньне галасоў, атрыманых на часова акупаваных тэрыторыях паставіць пад сумнеў легітымнасьць усіх вынікаў выбараў прэзыдэнта Расеі».
Міністэрства заклікала:
- міжнародную супольнасьць «рашуча асудзіць намер краіны-тэрарыста правесьці выбары на часова акупаваных тэрыторыях»;
- накласьці санкцыі на тых, хто мае дачыненьне да арганізацыі і правядзеньня выбараў;
- замежныя дзяржавы не павінны накіроўваць уласных грамадзян у якасьці назіральнікаў на псэўдавыбары.
Для тых, хто будзе ўдзельнічаць, прадугледжана крымінальная адказнасьць.
«Любыя выбары ў Расеі ня маюць нічога агульнага з дэмакратыяй. Яны служаць толькі інструмэнтам утрыманьня расейскага рэжыму ва ўладзе», – піша МЗС.
- Наступныя выбары прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі адбудуцца 17 сакавіка 2024 году.
- Дзеючы прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін заявіў, што зноў будзе вылучаць сваю кандыдатуру.