Суд Беластока прысудзіў 22-гадовай дзяўчыне, якая зьбіла на пераходзе 6-гадовага Мішу Грынкевіча з Горадні, 10 месяцаў зьняволеньня з адтэрміноўкай пакараньня на два гады, паведамляе Polskie Radio Białystok.
Суд прызнаў дзяўчыну вінаватай у парушэньні правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасьцярожнасьці прычыненьне малалетняму цяжкіх цялесных пашкоджаньняў. Яе прыгаварылі да 10 месяцаў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады, а таксама забаранілі кіраваць транспартнымі сродкамі на тры гады. Акрамя таго, яе абавязалі выплаціць кампэнсацыю ў памеры 5000 злотых (каля 1240 даляраў).
Падчас судовага працэсу дзяўчына сьцьвярджала, што падчас аварыі было цёмна, сьлізка, ішоў дождж, а бачнасьць была абцяжараная сьвятлом калядных упрыгожаньняў. Яна заявіла, што зьнізіла хуткасьць перад пешаходным пераходам і памахала рукой, даючы жанчыне зь дзецьмі знак, што яна іх прапускае, але тая не адрэагавала, таму кіроўца вырашыла прадоўжыць рух. Паводле яе, хлопчык выбег зь левага боку проста пад колы машыны. Праз імгненьне яна адчула ўдар па капоце машыны.
Яе партнэр, які сядзеў на пасажырскім сядзеньні, даў аналягічныя паказаньні.
Іншыя сьведкі — кіроўца аўтобуса, які рухаўся за машынай абвінавачанай, і кіроўца машыны хуткай дапамогі, які ехаў у супрацьлеглы бок, — сказалі, што, нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, яны бачылі пешаходаў, перад якімі кіроўца не спынілася.
- Аварыя адбылася 17 студзеня на цэнтральнай вуліцы Беластока. Кіроўца «Таёты» зьбіла 6-гадовага Мішу Грынкевіча з Горадні. Сям’я была ў Польшчы ў кароткай паездцы і зьбіралася вяртацца ў Беларусь. Пэўны час хлопчык знаходзіўся ў штучнай коме.
- Маці хлопчыка пасьля аварыі казала, што ні кіроўца аўтамабіля, ні яе родныя не зьвязаліся зь ёю, і выказала сумнеў у справядлівым разборы справы, бо «яшчэ на этапе зносін з праваахоўнікамі на месцы мне сталі прад’яўляць прэтэнзіі, што не зьберагла малога».
- Адразу пасьля трагедыі сямʼя адкрыла дабрачынны рахунак, на які беларусы пералічылі каля 300 тысяч эўра на лекаваньне і аднаўленьне хлопчыка. Пазьней высьветлілася, што паколькі ў Мішы была карта паляка, ён меў права на бясплатную экстраную мэдыцынскую дапамогу ў Польшчы. Празь нейкі час сямʼя вырашыла прадоўжыць лекаваньне ў Нямеччыне, бо там Мішу гатовыя былі прыняць хутчэй, а частку пералічанай сумы перавяла на дабрачынны збор іншаму дзіцяці.