Падчас форуму абмеркавалі агульную стратэгію ў дачыненьні Беларусі, шляхі падтрымкі эўрапейскага выбару для краіны, а таксама супрацу паміж беларускімі і эўрапейскімі палітычнымі партыямі.
Пра вынікі і пэрспэктывы форуму Свабодзе расказаў адзін з арганізатараў і выступоўцаў на форуме дэпутат Эўрапарлямэнту Юозас Олекас, прадстаўнік Сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы.
— Спадар Олекас, скажыце, чыя была ідэя, хто быў сярод арганізатараў такой новай паводле фармату ініцыятывы — сустрэчы прадстаўнікоў беларускіх і эўрапейскіх партыяў?
— Гэта была ініцыятыва абодвух бакоў, арганізатарамі былі і беларускія, і эўрапейскія палітычныя партыі, была зацікаўленасьць і Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, і палітычных партыяў, а таксама Эўрапейскага парлямэнту, у прыватнасьці нашай дэлегацыі сувязяў зь Беларусьсю, партыяў эўрапейскай палітычнай сыстэмы, так званымі парасонавымі партыямі, такімі як Эўрапейскія сацыял-дэмакраты, Эўрапейская народная партыя і іншыя.
— Вы ведаеце, што многія лідэры палітычных партыяў і прафсаюзаў Беларусі цяпер у турме. Чым эўрапейскія калегі могуць дапамагчы ім ? Можа, часьцей задаваць пытаньні пра іх, можа, зьвярнуцца ў Чырвоны Крыж ці яшчэ да каго? Якая ваша думка?
— Так, сапраўды. Мы абмяркоўвалі становішча беларускіх палітычных партыяў, якія цяпер закрытыя, а некаторыя іх лідэры за кратамі ў вельмі складаных умовах. Частка нашай канфэрэнцыі была прысьвечаная палітвязьням, мы згадвалі, што нам трэба ўзмацніць нашу падтрымку, што трэба, каб, у прыватнасьці, санкцыі былі адказам на парушэньні правоў чалавека і лёс палітычных вязьняў у Беларусі.
І, магчыма, трэба стварыць адмысловы фонд для падтрымкі беларускіх палітычных вязьняў.
Так, мы спрабуем адпраўляць ім лісты і мець нейкую інфармацыю ад іх, але часта гэта немагчыма рэалізаваць, бо яны не атрымліваюць гэтых лістоў, не атрымліваюць інфармацыі. Тым ня менш трэба ўсё ж спрабаваць зьвяртацца у міжнародныя арганізацыі, каб той жа Чырвоны Крыж меў зь імі кантакт. Чырвоны Крыж зараз вельмі актыўна працуе ў сэктары Газа, спрабуе дапамагчы там уцекачам, але ў Беларусі неяк не атрымліваецца, каб яны маглі дайсьці да палітычных вязьняў.
І гэта наша галоўная мэта: як падтрымаць палітвязьняў, як наладзіць зь імі кантакт, падтрымаць іхных сваякоў, а таксама саміх гэтых людзей пасьля таго, як яны выйшлі з турмы і выехалі... Усё гэта мы абмяркоўвалі і маем пэўныя ідэі.
— Што тычыцца ўчорашняга форуму... Якія, на вашу думку, асноўныя вынікі яго? Ці будзе далей разьвівацца такая новая супраца палітыкаў Эўразьвязу зь беларускімі палітыкамі?
— Так, вядома, я думаю, што галоўны вынік —тое, што мы атрымліваем магчымасьць быць разам. Прадстаўнікі дэмакратычных палітычных партыяў Беларусі і эўрапейскіх палітычных партыяў і палітычных групаў тут як партнэры маюць магчымасьць завязаць непарэдны кантакт, каб абмеркаваць балючыя, вельмі важныя пытаньні, такія, як праблемы палітычных вязьняў, як агульная сытуацыя ў Беларусі і яе будучыня. Нам відавочна, што будучыня Беларусі ў эўрапейскай дэмакратычнай сямʼі.
Мы пагадзіліся, што будзем працягваць гэтую працу дзеля будучыні, каб умацоўваць супрацу, дапамагаць палітычным зьняволеным і дэмакратычнаму руху вырашаць праблемы, каб падтрымаць людзей у Беларусі, а таксама падтрымаць людзей у выгнаньні, працягваць справу дэмакратычнай Беларусі ў эўрапейскай сямʼі.
— Ці будуць яшчэ такія форумы ў будучыні?
— Мы пагадзіліся, што будзем і далей арганізоўваць такія форумы, але пра канкрэтныя даты гаворкі пакуль не было.
— Можа быць, вы ведаеце, што ў Вашынгтоне ўчора пачаўся Стратэгічны дыялёг паміж ЗША і беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Магчыма, варта такі досьвед паўтарыць і на эўрапейскім узроўні?
— Маё віншаваньне для Сьвятланы Ціханоўскай, беларускай грамадзянскай супольнасьці, палітычных партыяў з пачаткам такога дыялёгу, з прызнаньнем такога тыпу адносін і новых магчымасьцяў.
Так, мы зь нецярплівасьцю чакаем, каб і нам фармалізаваць нашыя адносіны з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. І падзея ў ЗША стала адным з прыкладаў таму.