Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўпершыню абвінавацілі салдатаў РФ у злачынствах супраць амэрыканца


ЗША выставілі супраць чатырох расейскіх вайскоўцаў абвінавачаньні ў ваенных злачынствах супраць амэрыканца, учыненых падчас уварваньня Расеі на тэрыторыю Ўкраіну.

Такое адбываецца ўпершыню, паведамляе амэрыканскае Міністэрства юстыцыі.

Абвінаваўчае заключэньне ў справе аб ваенных злачынствах супраць чатырох расейцаў уключае ў сябе абвінавачаньні ў катаваньнях, бесчалавечным абыходжаньні, змове з мэтай учыненьня ваенных злачынстваў і незаконным абыходжаньні з амэрыканскім грамадзянінам.

У ваенных злачынствах абвінавачваюцца Сурэн Мкртчан, Дзьмітрый Буднік і яшчэ дзьве асобы, якія згадваюцца ў дакумэнце бяз прозьвішчаў, пад імёнамі Валерый і Назар. Асоба грамадзяніна ЗША не раскрываецца. Ці меў ён дачыненьне да войска, не ўдакладняецца.

Згодна з абвінаваўчым заключэньнем, расейцы дапытвалі, білі і катавалі грамадзяніна ЗША. Яны таксама пагражалі забіць яго і ўчынілі інсцэнаваньне забойства, гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства юстыцыі.

«Гэтыя абвінавачаньні сьведчаць аб тым, што меркаваныя дзеяньні падсудных зьяўляюцца ня толькі грубым парушэньнем Жэнэўскай канвэнцыі аб абароне цывільнага насельніцтва падчас вайны, але і парушэньнем амэрыканскага заканадаўства», — заявіла пракурор Джэсіка Абэр ад Усходняй акругі Вірджыніі, дзе было пададзенае абвінаваўчае заключэньне.

Паводле амэрыканскіх законаў, абвінавачаным пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG