Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цела параненай расейцамі пад Кіевам дзяўчынкі, якую два гады шукалі ў розных краінах, было ў моргу Мазыра


Арыны Яцюк, архіўнае фота
Арыны Яцюк, архіўнае фота

Увесь гэты час сваякі шукалі яе ў некалькіх краінах, у тым ліку ў Беларусі.

Цела 15-гадовай Арыны Яцюк, параненай расейскімі салдатамі ў сакавіку 2022 году пад Кіевам пры спробе эвакуавацца, было ў моргу Мазыра. Увесь гэты час сваякі шукалі яе ў некалькіх краінах, у тым ліку ў Беларусі. Дзяўчынку апазналі па ДНК пасьля таго, як цела перадалі ва Ўкраіну ў парадку абмену, паведамляе ўкраінскае выданьне «Обозреватель».

3 сакавіка 2022 году, у першыя дні расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, сям'я Яцюкоў — Ганна і Дзяніс, іх дочкі Валерыя і Арына — выехала з Кіева на лецішча, а адтуль у горад Умань да родных.

У адной машыне ехаў бацька з 15-гадовай Арынай, у другой — маці з 9-гадовай Валерыяй. На трасе па абодвух аўтамабілях адкрылі агонь расейскія вайскоўцы.

Бацькі загінулі, Арыну параніла ў сьцягно. Неўзабаве дзяўчат знайшлі і разлучылі расейцы: малодшую сястру пакінулі ў адным зь сёлаў, аддаўшы незнаёмым мясцовым жыхарам, а старэйшую забралі з сабой, заявіўшы, што павязуць на лячэньне ў Беларусь. Пасьля гэтага пра Арыну ніхто нічога ня чуў.
6 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня Кіеўскай вобласьці, бацькоў дзяўчат пахавалі ва Умані, а Арыну працягвалі шукаць. Родныя давалі аб'явы ў сацыяльных сетках, прасілі аб дапамозе валянтэраў у Беларусі і Расеі, зьвязваліся з украінскім пасольствам у Менску і Чырвоным Крыжам.

Акрамя таго, накіравалі афіцыйны запыт у беларускае МЗС, але адтуль прыйшоў адказ, што такой дзяўчынкі ў Беларусі няма.

Нядаўна стала вядома, што Арына загінула: яе цела, якое перадалі ва Ўкраіну пры абмене, апазналі ўжо па ДНК. Пакуль ішлі пошукі, яно знаходзілася ў моргу беларускага Мазыра.

«Увесь гэты час цела ўнучкі ляжала ў Мазыры. Там былі зьвесткі пра тое, як яе завуць. Але нам ніхто нічога не казаў, усё ўтойвалі. Мусіць, яна памерла ў той жа дзень, 3 сакавіка. Калі б ёй адразу аказалі дапамогу, перавязалі нагу, можа, яна засталася б жывая. Яе цела перадалі пры абмене, яе апазналі па ДНК. Усё, больш яе няма», — расказаў выданьню «Обозреватель» дзед Арыны Валянцін Іванавіч.

У Мазыры паспрабавалі абвергнуць, што ў іх у моргу знаходзілася цела 15-гадовай украінкі

Мясцовая раённая газэта «Жыццё Палесся» паспрабавала зьняпраўдзіць інфармацыю, напісаўшы, што, як ёй «аўтарытэтна заявілі ў кампэтэнтных органах», у Мазыры цела ўкраінскай дзяўчыны «знаходзіцца не магло», бо нібыта «ў гэты час у будынку мазырскага моргу праводзіўся рамонт».

Аднак, як заўважыў «Флагшток», гэтаму супярэчыць ранейшы відэасюжэт дзяржаўнай прапаганды. 12 сакавіка 2022 году на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1» выходзіў сюжэт пра Мазыр, дзе ў тым ліку паказвалі морг на вуліцы Катлаўца ў Мазыры, каб абвергнуць інфармацыю пра шматлікіх забітых расейскіх салдатаў. Тады прапагандыстцы дзяржаўнай тэлевізіі расказалі, што ўсё працуе ў штатным рэжыме. І паказалі халадзільную камэру, разьлічаную на тры целы, дзе былі відаць цёмныя мяшкі.

Нядаўна стала вядома яшчэ пра адно ўкраінскае дзіця, гвалтам вывезенае ў Беларусь пасьля раненьня. Яго бацькі таксама загінулі ў сакавіку 2022 году пад абстрэлам пры спробе выехаць з зоны баявых дзеяньняў, сам хлопчык атрымаў аскепкавае раненьне галаўнога мозгу і страціў зрок на правае вока. Расейцы забралі дзіця і яго бабулю ў Беларусь.

На шчасьце, хлопчык застаўся жывы — яго ўдалося пераправіць у Нямеччыну, дзе ён атрымаў лячэньне. Пасьля гэтага вярнуўся ва Ўкраіну. Сям’я, у якой трое ўласных дзяцей, падала дакумэнты на ўсынаўленьне хлопчыка.
У ліпені 2022 году стала вядома аб гвалтоўным перамяшчэньні расейскімі вайскоўцамі ўкраінскага падлетка ў Беларусь з Вышгарадзкага раёну Кіеўскай вобласьці.

Яго разам з братам вывезьлі ў аўтобусе зь мяхамі на галовах і зьвязанымі рукамі. Пасьля праверкі на мяжы беларускія памежнікі разлучылі братоў — малодшага адправілі ў інтэрнат у Мазыр.

Пазьней падлетку сказалі, што яго перавядуць у дзіцячы дом — спэцыяльны адукацыйны цэнтар у Мазыры. Аднак дырэктарка гэтай установы зьвязалася з прадстаўнікамі Чырвонага Крыжа, каб знайсьці бацькоў ці сваякоў хлопчыка. Іх знайшлі, і позна ўвечары 22 красавіка юнак вярнуўся дадому. Лёс старэйшага брата невядомы.

Вываз украінскіх дзяцей

17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны.

Кіеў кваліфікуе падобную практыку як незаконнае перамяшчэньне. Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны пачаў крымінальнае вядзеньне па факце «прымусовай дэпартацыі больш як 19 тысяч дзяцей» з акупаваных тэрыторыяў Данбасу, Луганскай, Запароскай, Херсонскай і Харкаўскай вобласьцяў у тым ліку ў Беларусь.

У канцы красавіка ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, якая тычыцца прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей і дарослых у Расею. У ёй адзначаецца, што згодна з нормамі міжнароднага права прымусовая дэпартацыя — гэта прыкмета генацыду, таму ўсе выпадкі павінны расьсьледавацца, а ўсе, хто мае да іх дачыненьне, — панесьці адказнасьць.

У канцы чэрвеня НАУ перадала пракурору Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе Карыму Хану доказы ваенных злачынстваў у выглядзе незаконнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў у Беларусь. Паводле матэрыялаў дасье, зь верасьня 2022 году па цяперашні час у Беларусь з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны вывезьлі больш за 2100 дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG