Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і ААН заклікалі Ізраіль абараняць цывільнае насельніцтва Газы


Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш заклікаў Ізраіль унікаць далейшых дзеяньняў, якія могуць пагоршыць і без таго цяжкую гуманітарную сытуацыю ў Газе.

«Генэральны сакратар вельмі ўстрывожаны аднаўленьнем баявых дзеяньняў паміж Ізраілем і ХАМАС... Людзям, якім загадана эвакуявацца, няма куды ісьці, і ім амаль няма на што выжыць», — цытуе «Голас Амэрыкі» афіцыйнага прадстаўніка ААН Стэфана Дзюжарыка.

Да 80% з 2,3 мільёна жыхароў Газы ўжо пакінулі свае дамы за восем тыдняў вайны. У панядзелак 4 сьнежня Ізраіль загадаў палестынцам пакінуць частку Хан-Юніса ў паўднёвай Газе, наказаўшы рухацца да ўзьбярэжжа Міжземнага мора і ў бок Рафаху ля мяжы з Эгіптам. Але жыхары і журналісты на месцах кажуць, што інтэнсіўныя ізраільскія авіяўдары на поўдні густанаселенага прыбярэжнага анкляву ўключаюць і раёны, дзе Ізраіль прасіў людзей шукаць прытулак.

Злучаныя Штаты заявілі, што ізраільскі наступ на поўдні не павінен паўтарыць «масавых» ахвяраў сярод мірнага насельніцтва, якія былі пры наступе ізраільскай арміі ў Паўночнай Газе.

Дарадца ў нацыянальнай бясьпецы ЗША Джэйк Саліван сказаў аб чаканьні Вашынгтонам таго, што Ізраіль будзе ўнікаць нападаў на раёны ў Газе, вызначаныя як зоны, па якіх не наносяцца ўдары.


Нягледзячы на шматлікія заклікі ЗША і ААН абараняць мірных жыхароў, ізраільскія войскі працягваюць паветраныя і наземныя бамбаваньні паўднёвай часткі сэктару Газа, у выніку якіх гінуць і атрымліваюць раненьні дзясяткі палестынцаў.

Высокапастаўлены ізраільскі чыноўнік сказаў, што лякальная эвакуацыя для памяншэньня колькасьці ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва запатрабуе больш часу і што немагчыма цалкам выключыць ахвяры. «Мы не пачыналі гэтую вайну. Мы шкадуем аб ахвярах сярод мірнага насельніцтва, але калі вы хочаце супрацьстаяць злу, вы павінны дзейнічаць», — сказаў чыноўнік.

Між тым, паводле дакладу ізраільскіх вайскоўцаў, на кожнага зьліквідаванага баевіка ХАМАС прыпадаюць прыкладна два забітыя мірныя жыхары — суадносіны, на думку прэс-сакратара ЦАХАЛ падпалкоўніка Джонатана Конрыкуса, «надзвычай пазытыўныя і, магчыма, унікальныя ў сьвеце»», з увагі на цяжкасьці гарадзкіх баёў. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію тэлекампаніі CNN.

У лістападзе Ізраіль захапіў практычна ўсю паўночную палову Газы, а пасьля нядаўняга зрыву замірэньня ХАМАСам пачаў імкліва прасоўвацца ўглыб паўднёвай часткі Газы.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG