Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходні экспэрт прызнаў посьпех Украіны ў вайне з Расеяй у Чорным моры


Гісторык Ейльскага ўнівэрсытэту Тымаці Снайдэр. Архтіўнае фота
Гісторык Ейльскага ўнівэрсытэту Тымаці Снайдэр. Архтіўнае фота

Украінцы змаглі стрымаць Чарнаморскі флёт Расеі і адкрыць калідор для камэрцыйнага гандлю збожжам.

Гісторык Ейльскага ўнівэрсытэту Тымаці Снайдэр заявіў аб посьпехах Украіны ў Чорным моры.

«Некаторыя рэпартэры асьвятлялі гэта, але ўвогуле гэта прайшло міма людзей, хоць у тым, што насамрэч адбылося, ёсьць нешта больш значнае, і гэта марская перамога», — сказаў Тымаці Снайдэр у новым выпуску падкасту выданьня Telegraph.

Паводле яго, украінцам, як ні дзіўна, удалося стрымаць Чарнаморскі флёт Расеі і адкрыць калідор для камэрцыйнага гандлю збожжам.

Тымаці Снайдэр лічыць гэта найбольшым за апошнія 50 гадоў дасягненьнем Узброеных сіл Украіны, якое чамусьці застаецца малазаўважаным у публічнай прасторы.

Што папярэднічала

Украіна, пачынаючы зь верасьня, актывізавала свае атакі супраць караблёў Чарнаморскага флёту Расеі, якія дысьлякуюцца каля берагоў анэксаванага Крыму.

13 верасьня ў выніку ўкраінскай атакі дронамі па бухце ў Севастопалі пашкоджаньні атрымалі дызэль-электрычная субмарына «Ростов-на-Дону» і вялікі дэсантны карабель «Минск», яны загарэліся.

22 верасьня стала вядома пра некалькі выбухаў у акупаваным Севастопалі. Акупацыйныя ўлады Крыму паведамілі аб ракетным абстрэле штабу Чарнаморскага флёту РФ.

Пасьля гэтых атак, паводле амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), Расея перамясьціла ня менш за 10 сваіх вайсковых караблёў Чарнаморскага флёту ў Новарасійск зь Севастопаля, каб абараніць іх ад украінскіх атак.

Аднак гэта не ўратавала флёт ад далейшых украінскіх атак: 11 кастрычніка пашкоджаньні атрымаў карабель «Павел Державин», які знаходзіўся недалёка ад Севастопаля, у пачатку лістапада — ракетны карабель «Аскольд», які знаходзіўся на суднабудаўнічым заводзе «Заліў» у Керчы і яшчэ ня быў уведзены ў склад флёту.

10 лістапада ў Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі аб пашкоджаньні ў Крыме двух малых дэсантных расейскіх караблёў тыпу «Серна», на якіх знаходзіліся браняваная тэхніка і сродкі супрацьпаветранай абароны.

4 жніўня ўкраінцы ў бухце Новарасійску атакавалі марскімі дронамі вялікі дэсантны карабель «Оленегорский горняк» і вывелі яго са строю.

12 траўня 2022 году ўкраінцы зьнішчылі каля вострава Зьмяіны расейскі дэсантны карабель тыпу «Серна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG