Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камала Гарыс расказала, як Злучаныя Штаты бачаць пасьляваенную будучыню Газы


Віцэ-прэзэдэнт ЗША Камала Гарыс падчас выступу на канфэрэнцыі COP28 у Дубаі, 2 сьнежня 2023 году.
Віцэ-прэзэдэнт ЗША Камала Гарыс падчас выступу на канфэрэнцыі COP28 у Дубаі, 2 сьнежня 2023 году.

Віцэ-прэзэдэнт ЗША Камала Гарыс выклала мэты яе краіны па завяршэньні канфлікту паміж Ізраілем і ХАМАС. Палітык падкрэсьліла неабходнасьць узьяднаньня палестынскага насельніцтва Газы і Заходняга берагу ракі Ярдан пад адзіным кіраваньнем, піша Голас Амэрыкі.

Гарыс выступіла на кліматычным саміце COP28 у Дубаі пасьля просьбы Джо Байдэна заняць яго месца за сталом перамоваў, прысьвечаных вайне паміж Ізраілем і ХАМАС.

На перамовах з прэзыдэнтам Эгіпта Абдэлем Фатахам эль-Сісі Гарыс заявіла, што «Злучаныя Штаты ні пры якіх абставінах не дапусьцяць прымусовага перасяленьня палестынцаў з Газы або з Заходняга берага, аблогі Газы або перакройваньня яе межаў», гаворыцца ў заяве Белага дома.

Віцэ-прэзэдэнт ЗША таксама заявіла, што пасьля заканчэньня вайны намаганьні ў справе аднаўленьня павінны рабіцца «ў кантэксьце ясных палітычных пэрспэктыў палестынскага народу ў сэнсе стварэньня ўласнай дзяржавы на чале з адроджанай Палестынскай адміністрацыяй і пры значнай падтрымцы міжнароднай супольнасьці і краін рэгіёну».

«Віцэ-прэзыдэнт ясна дала зразумець, што ХАМАС ня можа кантраляваць Газу, гэта непрымальна для бясьпекі Ізраіля, дабрабыту палестынскага народу і рэгіянальнай бясьпекі», — гаворыцца ў паведамленьні Белага дому.

Палестынская адміністрацыя кіруе часткай Заходняга берага ракі Ярдан пры падтрымцы заходніх краін. ХАМАС перахапіў кантроль над Газай у партыі ФАТХ палестынскага прэзыдэнта Махмуда Абаса ў 2007 годзе і з таго часу кіруе анклявам.

Роля Гарыс у адміністрацыі становіцца ўсё больш прыкметнай напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША, у якіх удзельнічае Джо Байдэн. Ёй даручана дапамагчы вырашыць шэраг сур’ёзных праблем, ад міграцыі да абортаў і выбарчых правоў.

Пытаньне аб тым, як рэальна кіраваць Газай у постканфліктны пэрыяд ставіць у тупік рэгіянальных лідэраў і экспэртаў па Блізкім Усходзе. Амэрыканскія чыноўнікі абмяркоўваюць магчымасьць падтрымкі Палестынскай аўтаноміі з тым, каб яна магла пашырыць сфэру свайго ўплыву і ўключыць у яе Газу, але ніякага цьвёрдага пляну пакуль узгоднена не было.

Некаторыя амэрыканскія чыноўнікі ў прыватным парадку выказваюць сумневы ў здольнасьці Палестынскай аўтаноміі кіраваць Газай пасьля вайны. Крытыкі абвінавачваюць аўтаномію ў карупцыі і ў неналежным кіраваньні, а апытаньні грамадзкай думкі паказваюць нізкі ўзровень даверу да яе сярод палестынскага народу.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG